ҽ

Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі 

Папа прааналізаваў свой візіт у Арабскія Эміраты

Падарожжа ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты стала новай старонкай у гісторыі дыялогу паміж хрысціянствам і ісламам, а таксама ў будаванні міру ў свеце на фундаменце чалавечага братэрства, перакананы Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 6 лютага 2019 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Святы Айцец падзяліўся з вернікамі сваімі думкамі пра пілігрымку ў ісламскую краіну, якую здзейсніў 3-5 лютага.

“Папа ўпершыню накіраваўся на Аравійскі паўвостраў. Божы Провід пажадаў, каб праз 800 гадоў пасля візіту св. Францішка Асізскага да султана Маліка Аль-Каміля, гэта быў Папа з імем Францішак. Я часта думаў пра св. Францішка падчас падарожжа: гэта мне дапамагала трымаць у сэрцы Евангелле, любоў Езуса Хрыста, у розныя моманты гэтага візіту”, - сказаў Папа.

“[У маім сэрцы было Евангелле Хрыста, малітва да Айца за ўсіх Яго дзяцей, асабліва за самых бедных, за ахвяр несправядлівасці, войнаў, нястачы...; была малітва, каб дыялог паміж хрысціянствам і ісламам стаў вызначальным фактарам для міру ў сучасным свеце]”

, - дадаў ён.

Пантыфік падзякаваў дзяржаўным і касцёльным уладам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, мясцоваму духавенству, законнікам і свецкім вернікам за гасціннасць і добрую арганізацыю візіту. Краіна зрабіла вялікі прагрэс на працягу апошніх дзесяцігоддзяў і стала “скрыжаваннем паміж Усходам і Захадам, шматэтнічным і шматрэлігійным “аазісам” і таму, адпаведным месцам для спрыяння культуры сустрэчы”, дадаў ён.

Францішак распавёў, што меў магчымасць сустрэцца з першым святаром, які прыбыў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і заснаваў тут вялікую колькасць каталіцкіх супольнасцей, а таксама з шматлікімі іншымі пастырамі розных абрадаў з Лівана, Індыі, Філіпін і іншых краін.

“Акрамя прамоў у Абу-Дабі быў зроблены яшчэ адзін крок: Вялікі імам Аль-Азхар і я падпісалі Дакумент аб братэрстве паміж людзьмі, у якім разам сцвердзілі агульнае пакліканне ўсіх людзей да быцця братамі, бо з’яўляюцца Божымі дзецьмі, асудзілі ўсе формы насілля, асабліва апранутага ў рэлігійныя матывы, а таксама абавязаліся пашыраць у свеце сапраўдныя каштоўнасці і мір”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец пажадаў, каб гэты дакумент вывучаўся ў навучальных установах, а таксама заклікаў вернікаў пазнаёміцца з ім, каб даць імпульс развіццю дыялогу аб братэрстве паміж людзьмі.

“У эпоху, як наша, калі існуе моцная спакуса назіраць сутыкненне паміж хрысціянскай і ісламскай цывілізацыямі, а таксама лічыць рэлігіі крыніцай канфліктаў, мы пажадалі даць чарговы знак, ясны і рашучы, што, наадварот, сустракацца магчыма, што магчыма паважаць адно аднаго і весці дыялог, і што, нягледзячы на адметнасці паміж культурамі і традыцыямі, хрысціянскі і ісламскі свет цэняць і абараняюць агульныя каштоўнасці: жыццё, сям’ю, рэлігійныя пачуцці, пашану да пажылых людзей, выхаванне моладзі і іншыя”, - сказаў Папа.

Францішак зазначыў, што ў Эміратах пражывае каля мільёна хрысціян: галоўным чынам работнікаў азіяцкага паходжання. Ён распавёў, што сустракаўся з мясцовымі католікамі ў катэдральным касцёле ў Абу-Дабі, а таксама цэлебраваў св. Імшу, “абвяшчаючы Евангелле благаслаўленняў” і молячыся “аб міры і справядлівасці, з асаблівай увагай да Блізкага Усходу і Емена”.

“Дарагія браты і сёстры, гэта падарожжа адносіцца да Божых “сюрпрызаў”. Таму праславім Яго і Яго Провід, а таксама памолімся, каб зерні, якія былі кінуты, прынеслі плады згодна з Яго святой воляй”, - закончыў сваю катэхезу Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 лютага 2019, 11:12