ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік на Вялікі пост: адмовіцца ад спакусы “пажырання” ўсяго

“Стварэнне ж з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых”, - гэтая цытата з Паслання да Рымлянаў стала эпіграфам да ліста Пантыфіка на Вялікі Пост, які распачнецца ў Касцёле 6 сакавіка 2019 г.

Францішак адзначыў у пачатку, што таямніца збаўлення таксама ўключае ў сябе гісторыю і ўсё стварэнне. І калі чалавек жыве, як дзіця Бога, ён прыносіць карысць і стварэнню, праз супрацоўніцтва ў яго адкупленні. Аднак, гармоніі, якая паходзіць з Адкуплення, у гэтым свеце ўсё яшчэ пагражае адмоўная ўлада граху і смерці. Мы часта паводзім сябе дэструктыўна не толькі да сябе, але і да іншых людзей і істот, калі даём авалодаць сабой логіцы “ўсё і адразу”.

Папа нагадаў, што разрыў камуніі з Богам парушыў таксама гарманічныя адносіны людзей з навакольным асяроддзем. Чалавек лічыць сябе богам стварэння, поўнаўладным гаспадаром, і карыстаецца ім не так, як хацеў Створца, але ў сваіх уласных інтарэсах, на шкоду іншых істот і людзей.

Грэх прыводзіць да “выкарыстання стварэння, асоб і навакольнага асяроддзя, у адпаведнасці з нерэалізаванай смагай, якая кожнае жаданне лічыць правам, і што рана ці позна прывядзе да разбурэння нават тых, над кім яна дамінуе”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак запрасіў да пакаяння і навяртання, посту, малітвы і міласціны. Заахвоціў адмовіцца ад спакусы “пажырання” ўсяго і вучыцца пакутаваць з любові, якая можа запоўніць пустэчу ў чалавечым сэрцы. Ён заклікаў адмовіцца ад ідалапаклонства і самадастатковасці нашага “я”, прызнаць, што мы маем патрэбу ў Богу і Яго міласэрнасці. Пантыфік патлумачыў, што міласціна – гэта адмова ад назапашвання ўсяго для сябе ў ілюзіі забеспячэння будучыні.

Папа заклікаў вернікаў, у Вялікім посце прынесці Хрыстовую надзею стварэнню, якое “вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых” (Рым 8, 21).

“Давайце не дапусцім, каб гэты благаслаўлёны час мінуў дарма! Будзем прасіць Бога, дапамагчы нам стаць на шлях праўдзівага навяртання. Трэба пазбавіцца эгаізму і закаханасці ў сабе і ўглядацца ў Пасху Езуса, наблізіцца да братоў і сясцёр у цяжкай сітуацыі, дзелячыся з імі нашымі духоўнымі і матэрыяльнымі дабротамі. Такім чынам, прымаючы ў спецыфіцы нашага жыцця перамогу Хрыста над грахом і смерцю, мы накіруем Яго пераўтваральную сілу да ўсяго стварэння”, - напісаў Святы Айцец у сваім пасланні на Вялікі пост.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 лютага 2019, 12:53