ҽ

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  

Францішак: благаслаўленні даюць сэнс і паўнату жыццю

Евангельскім благаслаўленням прысвяціў свае разважанні папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 17 лютага 2019 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

У сваім разважанні ён нагадаў, што сапраўднае шчасце не ў валоданні дабротамі гэтага свету, але ў поўным прабыванні ў Богу і ў жыцці любоўю. “Сённяшняе Евангелле (Лк 6,17.20-26) расказвае пра Благаслаўленні ў версіі св. Лукі. Тэкст падзелены на чатыры благаслаўленні і чатыры папярэджанні, якія выказаныя словамі “Гора вам”. Такім чынам моцна і рашуча Езус адкрывае нам вочы і дазваляе нам бачыць Яго позіркам, абмінаючы уяўленні, павярхоўныя рэчы і вучыць нас распазнаваць сітуацыі з верай.

Езус абвяшчае благаслаўлёнымі ўбогіх, галадаючых, плачучых і якіх пераследуюць. І папярэджвае тых, хто багатыя, сытыя, смяюцца і пра якіх людзі добра кажуць. Прычына гэтага парадаксальнага шчасця заключаецца ў тым, што Бог знаходзіцца побач тых, хто пакутуе, і намагаецца вызваліць іх ад рабства; Езус бачыць гэта, бачыць ужо благаслаўленне незалежна за адмоўнай рэальнасці. Таксама “гора вам”, скіраванае да людзей, якія ў цяперашні час маюць поспех, мае за мэту “абудзіць іх” ад эгаізму небяспечнага падману і адкрыць іх да логікі любові, пакуль яшчэ не за позна.

Старонка сённяшняга Евангелля заклікае нас да роздуму над глыбокім сэнсам веры, якая заключаецца ў поўным даверы Пану. Справа ў тым, каб абвяргаць сучасных бажкоў, каб адкрыць сэрца да жывога і сапраўднага Бога. Толькі Ён можа даць нашаму існаванню тую, так жаданую, паўнату, якую так цяжка дасягнуць. Многія, нават і сёння, паказваюць сябе ў якасці адміністратараў шчасця: абяцаюць поспехі ў кароткі час, вялікія зарплаты, цудоўныя вырашэнні кожнай праблемы і гэтак далей. І тут лёгка саслізнуць, ня ведаючы пра гэта, у грэх супраць першай запаведзі: ідалапаклонства, замяняючы Бога ідалам. Ідалапаклонства і бажкі, здаецца гэта рэчы з мінулага, але на самой справе яны існуюць ўвесь час! Яны апісваюць некаторыя сучасныя адносіны лепш, чым многія сацыялагічныя аналізы.

Таму Езус адкрывае нам вочы на рэальнасць. Мы пакліканы да шчасця, каб быць благаслаўлёнымі і мы імі становімся нават цяпер у той меры, у якой мы стаім па баку Бога, яго Валадарства, па баку таго, што не з’яўляецца часовым, але трывае праз вечнае жыццё. Мы будзем шчаслівыя, калі прызнаем сябе перад Богам – і гэта вельмі важна: “Пане, я Цябе патрабую”- і калі, як Ён і з Ім, будзем побач бедных, пакутуючых і галодных. Таксама і мы імі з’яўляемся перад Богам: мы убогія, пакутуючыя, галодныя перад Богам. Мы становімся здольнымі да радасці кожны раз, калі валодаючы дабротамі гэтага свету, не робім з іх бажкоў, якім трацім сваю душу, але будзем здольнымі падзяліцца імі з нашымі братамі. Таму сённяшняя літургія заклікае нас задаць сабе пытанне на гэтую тэму і зрабіць абрахунак сумлення ў сваім сэрцы.

Благаслаўленні Езуса з’яўляюцца вырашальным пасланнем, якое заклікае нас не пакладаць надзеі ў матарыяльных і прамінаючых рэчах і не шукаць шчасця ідучы за спецыялістамі ад выяваў, якія часта з’яўляюцца прадаўцамі смерці- прафесійнымі ілюзіяністамі. Не трэба ісці за імі, таму што яны не даюць нам надзеі. Пан дапамагае нам адкрыць вочы, набыць больш праніклівы позірк на рэчаіснасць, аздаравець ад хранічнай блізарукасці, якою заражае нас дух свету. Сваім парадаксальным Словам ён устрасае намі і дазваляе нам прызнаць тое, што сапраўды нас узбагачае, дае нам радасць і годнасць. Гэта значыць, што сапраўды дае сэнс і паўнату нашаму жыццю. Няхай Панна Марыя дапамагае нам слухаць гэтае Евангелле з адкрытым сэрцам і розумам, каб прынесла плёны у нашым жыцці і каб мы станавіліся сведкамі шчасця, якое не расчароўвае, Божага шчасця, якое ніколі не расчароўвае”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў і папрасіў іх аб малітве за сябе.
Ян Мойсік

Навіна ў фармаце аўдыё
17 лютага 2019, 13:33