ҽ

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: служыць Пану – значыць слухаць і спаўняць Яго слова

Служыць Пану – значыць слухаць і спаўняць Яго слова, падкрэсліў Пантыфік перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 20 студзеня 2019 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“У мінулую нядзелю, святам Хросту Пана, мы распачалі літургічны перыяд, які называецца “звычайны”: гэта час, каб ісці за Езусам у Яго публічным жыцці, у місіі, для якой Айцец паслаў Яго ў свет. У сённяшнім Евангеллі (пар. Ян 2,1-11) мы бачым расповед пра першы цуд Езуса. Першы з гэтых цудоўных знакаў быў здзейснены ў мястэчку Кана, у Галілеі, падчас святкавання вяселля.

“[Невыпадкова, што на пачатку публічнага жыцця Езус наведаў вясельную цырымонію, таму што ў Ім Бог злучыўся з чалавецтвам: вось добрая вестка, нават калі тыя, хто Яго запрасіў, яшчэ не ведалі, што за іх сталом сядзіць Божы Сын, і што сапраўдны жаніх – гэта Ён.]”

Насамрэч, уся таямніца знаку ў Кане грунтуецца на прысутнасці гэтага Боскага Жаніха, Езуса, Які пачынае адкрывацца. Езус аб’яўляецца як Жаніх Божага Народа, абвешчаны прарокамі, і адкрывае нам глыбіню адносін, што яднаюць нас з Ім: гэта новы Запавет любові.

У кантэксце Запавету становіцца цалкам зразумелы сімвалізм віна, які знаходзіцца ў цэнтры гэтага цуда. Менавіта падчас кульмінацыі свята віно закончылася; Маці Божая ўбачыла гэта і сказала Езусу: “Не маюць віна” (Ян 2,3), таму што было б кепска працягваць свята без віна. Гэта была б непрыгожая сітуацыя для тых людзей. Маці Божая ўбачыла гэта і паколькі з’яўляецца Маці, адразу звярнулася да Езуса. Святое Пісанне, асабліва прарокі, называлі віно тыповым элементам святочнай вячэры Месіі (пар. Ам 9,13-14; Ёэл 2,24; Іс 25,6), элементам, звязаным з прыйсцем Месіі. Вада – неабходная для жыцця, а віно выражае багацце святочнай вячэры і радасць свята. Свята без віна, не ведаю...

“[Перамяняючы ў віно ваду са збаноў, прызначаных “для юдэйскага ачышчэння” (Ян 2,6) – існаваў звычай: ачышчацца перад уваходам у дом, – Езус робіць красамоўны знак: перамяняе Закон Майсея ў Евангелле, крыніцу радасці.]”

Затым паглядзім на Марыю: словы, якія Марыя скіроўвае да слугаў, становяцца вяршыняй усяго вяселля ў Кане: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце” (Ян 2,5). Таксама сёння Маці Божая кажа ўсім нам: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”. Гэтыя словы з’яўляюцца каштоўнай спадчынай, якую нам пакінула наша Маці. Сапраўды, слугі ў Кане падпарадкаваліся. “Езус сказаў: Напоўніце збаны вадою. І напоўнілі іх даверху. І кажа ім: Цяпер зачэрпніце і занясіце кіраўніку вяселля. І панеслі” (Ян 2,7-8). На гэтым вяселлі быў па-сапраўднаму заключаны Новы Запавет і слугам Панам, гэта значыць усяму Касцёлу, была даручана новая місія: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”.

“[Служыць Пану значыць слухаць і спаўняць Яго слова. Гэта простая і важная парада Маці Езуса, гэта праграма жыцця хрысціяніна.]”

Я хацеў бы звярнуць увагу на досвед, які усе мы мелі ў жыцці. Калі знаходзімся ў цяжкіх сітуацыях, калі ўзнікаюць праблемы, якія мы не можам вырашыць, калі адчуваем неспакой і трывогу, калі не маем радасці, пойдзем да Маці Божай і скажам: “Не маем віна. Віно закончылася: паглядзі на маю сітуацыю, паглядзі на маё сэрца, паглядзі на маю душу”. Трэба сказаць так маці. А Яна пойдзе да Езуса і скажа: “Паглядзі на яго ці на яе: не маюць віна”. А потым вернецца да нас і скажа: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”. Для кожнага з нас, чэрпаць са збану значыць давяраць слову і сакрамэнтам, каб пазнаць ласку Бога ў нашым жыцці. Тады таксама і мы, як кіраўнік вяселля, які пакаштаваў ваду, ператвораную ў віно, зможам усклікнуць: “Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль” (Ян 2,10). Езус заўсёды нас здзіўляе. Звернемся да Маці, каб паразмаўляла з Езусам, і Ён нас здзівіць.

“[Няхай Яна, Найсвяцейшая Панна, дапаможа нам адказаць на Яе заклік: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”, каб маглі цалкам адкрыцца на Езуса, распазнаючы ў штодзённым жыцці знакі Яго прысутнасці, якая ажыўляе]”

, - заклікаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак скіраваў некалькі зваротаў і ўдзяліў вернікаў сваё благаслаўленне.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
20 студзеня 2019, 13:12