ҽ

Папская музычная Сікстынская капэла Папская музычная Сікстынская капэла 

Францішак змяніў статус Папскай музычнай капэлы

Пантыфік уключыў Папскую музычную Сікстынскую капэлу ў склад Службы папскіх літургічных цэлебрацый. Адпаведны Апостальскі ліст у форме “motu proprio” быў абнародаваны 19 студзеня 2019 г.

У дакуменце адзначаецца, што ад самага свайго заснавання і на працягу стагоддзяў, Папская музычная капэла адзначалася высокім узроўнем мастацкага і літургічнага выражэння, служачы “ўрачыстым цэлебрацыям Пантыфікаў”, спачатку ў цудоўнай капэле, ад якой унаследавала назву, а затым у базыліцы св. Пятра і іншых месцах.

Менавіта ў сілу “непасрэднай сувязі з галоўнымі папскімі цэлебрацыямі”, Папская музычная капэла здаўна была інстытуцыйна звязана, спачатку з так званым “Дваром Яго Святасці”, а затым і дагэтуль з Прэфектурай Папскага дома, “карыстаючыся, адначасова, аўтаномным кіраваннем, падпарадкоўваючыся прынцыпам, узгодненым з адказнымі за арганізацыю папскай дзейнасці”.

Кіруючыся навучаннем Другога Ватыканскага Сабора, які ў Канстытуцыі пра святую Літургію “Sacrosantum Concilium”, называе служэнне хора “сапраўднай літургічнай паслугай”, якое трэба выконваць з “шчырай пабожнасцю і стараннасцю”, Францішак прыняў рашэнне падпарадкаваць Папскую музычную Сікстынскую капэлу Службе папскіх літургічных цэлебрацый.

Cвяты Айцец прызначыў кіраўніком Папскай музычнай капэлы арцыбіскупа Гвіда Марыні, кіраўніка Службы папскіх літургічных цэлебрацый, даручаючы яму заданне “кіраваць усёй дзейнасцю капэлы ў літургічнай, душпастырскай, духоўнай, мастацкай і выхаваўчай сферы”, а таксама падрыхтаваць праект статута структуры, перагледзеўшы яе папярэднія дакументы.

Францішак прызначыў таксама Назіральніка за эканамічнай дзейнасцю Папскай музычнай Сікстынскай капэлы. Ім стаў арцыбіскуп Гвіда Поца, дагэтуль сакратар Папскай камісіі “Ecclesiae Dei”. Ён будзе выконваць свае абавязкі пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Марыні.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 студзеня 2019, 13:54