ҽ

Папа ўдзяляе благаслаўленне “Urbi et Orbi” Папа ўдзяляе благаслаўленне “Urbi et Orbi” 

Urbi et Orbi: Божае Нараджэнне – крыніца нашага братэрства

Божае Нараджэнне нясе ў сабе ўніверсальнае пасланне: Бог – гэта добры Айцец, а мы ўсе з’яўляемся братамі, адзначыў папа Папа. 25 снежня 2018 г. ён звярнуўся з пасланнем перад “Urbi et Orbi”.

Прапануем поўны тэкст паслання Святога Айца:

“Як пастухі, што першымі прыбеглі да стайні, заміраем у здзіўленні перад знакам, які даў нам Бог: “Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях” (Лк 2,12). У цішыні становімся на калені і аддаем паклон.

І што нам кажа гэтае Немаўля, народжанае для нас Дзевай Марыяй? Якім ёсць універсальнае пасланне Божага Нараджэння? Яно кажа, што Бог – гэта добры Айцец, а мы ўсе з’яўляемся братамі.

Гэтая праўда ляжыць у аснове хрысціянскага бачання чалавецтва. Без братэрства, якое падарыў нам Езус Хрыстус, нашыя намаганні ў бок больш справядлівага свету аказваюцца слабымі, і нават найлепшыя праекты рызыкуюць стаць бяздушнымі структурамі.

Таму маё пажаданне светлага Божага Нараджэння – гэта пажаданне братэрства. Братэрства паміж людзьмі ўсіх нацый і культур. Братэрства паміж асобамі розных поглядаў, здольных, аднак, ставіцца адно да аднаго з павагай і выслухоўваць. Братэрства паміж людзьмі розных веравызнанняў.

“[Езус прыйшоў, каб аб’явіць аблічча Бога ўсім тым, хто Яго шукае.]”

І Божае аблічча аб’явіла сябе ў канкрэтным чалавечым абліччы. Не з’явілася ў анёле, але ў чалавеку, народжаным у пэўным часе і ў пэўным месцы. Так, праз сваё ўцелаўленне, Божы Сын паказвае нам, што збаўленне праходзіць праз любоў, гасціннасць, павагу да гэтага нашага беднага чалавецтва, часткай якога мы ўсе з’яўляемся, ва ўсёй разнастайнасці нацыянальнасцей, моў, культур..., але ўсе мы браты ў чалавецтве!

Таму нашыя адрозненні не з’яўляюцца шкодай ці небяспекай, але багаццем. Як для мастака, які хоча зрабіць мазаіку: лепш мець у распараджэнні шкельцы мноства колераў, чым толькі некалькіх!

Нас вучыць гэтаму і сямейны вопыт: мы адрозніваемся ад братоў і сясцёр і не заўсёды прабываем у згодзе, але нас звязвае непарыўная сувязь і любоў бацькоў дапамагае нам любіць адно аднаго. Тое самае датычыць чалавечай сям’і, толькі “бацькам” у ёй з’яўляецца Бог, аснова і моц нашага братэрства.

“[Гэтае Божае Нараджэнне дазваляе нам нанова адкрыць братэрскія сувязі, якія нас яднаюць як людзей і звязваюць усе народы.]”

Дае магчымасць ізраільцянам і палесцінцам узнавіць дыялог і распачаць шлях міру, які б паклаў канец канфлікту, што больш за семдзесят гадоў мучыць Зямлю, абраную Панам для аб’яўлення свайго аблічча любові.

Дзяцятка Езус дазваляе ўзлюбленай і скатаванай Сірыі нанова знайсці братэрства пасля доўгіх гадоў вайны. Няхай міжнародная супольнасць прыкладзе рашучыя намаганні, каб вынайсці палітычнае рашэнне, якое б адклала падзелы і інтарэсы пэўнай часткі, каб сірыйцы, асабліва тыя, хто быў вымушаны пакінуць родныя землі і шукаць прытулку ў іншых месцах, маглі вярнуцца да мірнага жыцця на радзіме.

Думаю пра Йемен, з надзеяй, што перамір’е, дасягнутае пры пасрэдніцтве міжнароднай супольнасці, зможа нарэшце прынесці суцяшэнне вялікай колькасці дзяцей і людзям, знясіленым вайной і голадам.

Думаю пра Афрыку, дзе мільёны людзей знаходзяцца ў эміграцыі ці эвакуацыі і маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе і харчовай бяспецы. Няхай Божае Дзіця, Кароль міру, заставіць зброю замаўчаць і ўзысці новаму світанню братэрства на ўсім кантыненце, благаслаўляючы намаганні тых, хто імкнецца пашыраць шляхі прымірэння на палітычным і сацыяльным узроўнях.

Няхай Божае Нараджэнне ўмацуе братэрскія сувязі, якія аб’ядноўваюць Карэйскі паўвостраў, і дазволіць працягваць распачаты шлях збліжэння і дасягнуць сумесных рашэнняў, якія б забяспечылі развіццё і дабрабыт.

Няхай гэты благаслаўлёны час дазволіць Венесуэле аднавіць згоду, а ўсім сацыяльным структурам працаваць па-брацку дзеля развіцця краіны і падтрымкі найбольш слабых слаёў насельніцтва.

“[Няхай Пан, Які нарадзіўся, прынясе суцяшэнне ўлюбёнай Украіне, якая прагне зноў заваяваць трывалы мір, што не спяшаецца наступіць.]”

Толькі ў міры, які паважае правы кожнай нацыі, краіна можа аднавіцца пасля перанесеных пакут і вярнуць умовы годнага жыцця для сваіх грамадзян. Я блізкі да хрысціянскіх супольнасцей гэтага рэгіёну і малюся, каб у ім склаліся адносіны братэрства і сяброўства.

Няхай перад Дзіцяткам Езусам адновяць сваё братэрства жыхары дарагой Нікарагуа, каб у ёй не пераважалі падзелы і нязгода, але каб усе намагаліся ўсталёўваць прымірэнне і разам будаваць будучыню краіны.

Хачу ўзгадаць народы, якія зведваюць ідэалагічную, культурную і эканамічную каланізацыю, бачачы, як раздзіраецца іх свабода і ідэнтычнасць, і пакутуюць ад голаду і недахопу адукацыйных і медыцынскіх паслуг.

Асабліва думаю пра нашых братоў і сясцёр, якія святкуюць Божае Нараджэнне ў складаных – калі не сказаць варожых – умовах, асабліва там, дзе хрысціянская супольнасць з’яўляецца меншасцю, часам уразлівай і пагарджанай. Няхай Пан дазволіць ім і ўсім меншасцям жыць у міры і бачыць, што іх правы, асабліва рэлігійная свабода, паважаюцца. Няхай маленькае і азяблае Дзіця, Якое сузіраем сёння ў стайні, ахоўвае ўсіх дзяцей зямлі і кожную ўразлівую, безабаронную, адчужаную асобу.

Няхай усе мы атрымаем мір і суцяшэнне з нараджэння Збавіцеля і, адчуваючы любоў адзінага Нябеснага Айца, збяромся разам і будзем жыць як браты!”

Пасля свайго паслання міру Францішак удзяліў усім вернікам сваё святочнае благаслаўленне “Urbi et Orbi”.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 снежня 2018, 12:08