ҽ

Францішак перад абразом Маці Божай Гвадэлупскай Францішак перад абразом Маці Божай Гвадэлупскай 

Святы Айцец: чаму можам навучыцца ў школе Марыі?

Вучыцца ў Марыі сапраўднаму гераізму, вольнаму ад прыніжэння іншых і насілля, напоўненаму ласкавасцю і пяшчотай, заклікаў Папа ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай.

Вечарам 12 снежня 2018 г. Святы Айцец узначаліў урачыстую Эўхарыстыю ў базыліцы св. Пятра з нагоды літургічнага ўспаміну нябеснай апякункі Лацінскай Амерыкі. У св. Імшы прынялі ўдзел кардыналы, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі з гэтага рэгіёну свету.

У гаміліі на іспанскай мове Пантыфік заўважыў, што Панна Марыя працягвае крочыць па кантыненце ў абразах, запаленых свечках, ружанцах і малітве. Яна “ўваходзіць у дамы, турэмныя камеры, шпітальныя палаты, дамы састарэлых, школы, рэабілітацыйныя клінікі” і развязвае “шматлікія вузлы, якія мы ствараем”.

Францішак заклікаў вучыцца ад Маці Божай “крочыць па кварталах і гарадах, не ў зручным абутку чарадзейных рашэнняў, імгненных адказаў і неадкладных вынікаў; не з сілай фантастычных абяцанняў псеўда-прагрэсу, які паступова рэалізуе ні што іншае, як узурпацыю культурнай і сямейнай тоеснасці, пазбаўляючы нашы народы той жыццядайнай тканкі, якая іх падтрымлівала. І ўсё гэта, з высакамернай мэтай, устанавіць адзінае і ўніфікаванае мысленне”.

Св. Імша ў Ватыкане ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай

Папа заклікаў бараніць шматкультурнае багацце Лацінскай Амерыкі, “пачуццё Бога і трансцэндэнтнасці, святасць жыцця, павагу да навакольнага асяроддзя, повязі салідарнасці, радасць мастацтва добрага жыцця, здольнасць быць шчаслівым і радасным у любых умовах”. Святы Айцец пажадаў прысутным на літургіі вучыцца ад Марыі жыццю, у якім няма месца самарэкламе, пазначанаму дапамогай іншым.

“У школе Марыі давайце вучыцца гераізму, які не мае патрэбы ў прыніжэнні, зневажанні, дыскрэдытаванні і асмейванні іншых, для адчування сваёй вартасці і важнасці; які не прыбягае да фізічнага ці псіхалагічнага насілля для атрымання пачуцця бяспекі і абароненасці. Гэта гераізм, які не баіцца ласкавасці і пяшчоты, і які ведае, што яго самае лепшае аблічча – гэта служэнне”, - сказаў Пантыфік, завяршаючы сваю гамілію.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 снежня 2018, 10:56