ҽ

Францішак падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі Францішак падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі 

Папа: Любоў і сёння хоча стаць целам і быць сярод нас

Вакол евангельскага ўрыўка, які апісвае наведанне Марыяй яе сваячкі Альжбеты, сканцэнтраваў сваю медытацыю 23 снежня 2018 г. перад малітвай “Анёл Панскі” Францішак.

Прапануем поўны тэкст разважання Папы:

“Літургія Чацвёртай Нядзелі Адвэнту падкрэслівае постаць Марыі, Дзевы-Маці, якая чакае нараджэння Езуса, Збаўцы свету. Мы кіруем нашы вочы на тую, што з’яўляецца прыкладам веры і любові. І мы можам задаць сабе пытанне: якія былі яе думкі на працягу некалькіх месяцаў чакання? Адказ прыходзіць з сённяшняга ўрыўка Евангелля, які апісвае візіт Марыі да яе старэйшай сваячкі Альжбеты (Лк 1, 39-45). Анёл Габрыэль сказаў ёй, што Альжбета, у сваім сталым узросце, чакае дзіця, і ўжо знаходзіцца на шостым месяцы (Лк 1, 26.36). І тады Дзева, якая зачала Езуса праз дзеянне Бога, паспяшыла з Назарэта ў Галілею, каб дабрацца да гор Юдэі і сустрэць сваю стрыечную сястру.

Евангелле кажа: “І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету” (Лк 1, 40). Вядома, яна павітала яе і павіншавала з мацярынствам, як, у сваю чаргу, Альжбета прывітала Марыю, кажучы: “Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?” (Лк 1, 42-43). І тут жа пахваліла яе веру: “Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам” (Лк 1, 45). 

“[Бачны кантраст паміж Марыяй, якая мела веру, і Захарыям, мужам Альжбеты, які не верыў у абяцанне анёла, і таму заставаўся нямым да нараджэння Яна.]”

Гэта падзея дапамагае нам чытаць у адмысловым святле таямніцу сустрэчы чалавека з Богам. Гэта сустрэча, якая адбываецца не ў духу дзіўных цудаў, але, хутчэй, у духу веры і любові. Марыя сапраўды благаславёная, таму што паверыла: сустрэча з Богам з’яўляецца плёнам веры. А Захарыя, які сумняваўся і не верыў, застаўся глухім і нямым, каб расці ў веры на працягу доўгага маўчання. Без веры мы непазбежна застаёмся глухімі да суцяшальнага голасу Бога; мы не ў стане казаць словы суцяшэння і надзеі нашым братам. Мы назіраем гэта кожны дзень: чалавек няверуючы, або з вельмі малой верай, не мае ніякай сілы, калі павінен наблізіцца да асобы, якая пакутуе, і кажа ёй выпадковыя словы, але не можа падняць, таму што не мае сілы. Не мае сілы, паколькі не хапае веры, а калі няма веры, не прыходзяць словы, здольныя дасягнуць сэрца чалавека. З іншага боку, вера корміцца любоўю. Евангеліст кажа нам, што “Марыя паспяшыла” (Лк 1, 39) да Альжбеты; не трывожылася, не баялася, а паспяшыла ў спакоі. “Паспяшыла” – гэта жэст клопату пра старэйшую сваячку. Яна магла б застацца дома, каб падрыхтавацца да нараджэння свайго сына. У той жа час, яна паклапацілася больш пра іншых, чым пра сябе, паказваючы на справе, што з’яўляецца вучаніцай Пана, Якога носіць ва ўлонні.

“[Падзея Нараджэння Езуса пачалася, такім чынам, простым жэстам міласэрнасці. Зрэшты, сапраўдная міласэрнасць – гэта заўсёды плён Божай любові.]”

Евангелле адведзін Альжбеты Марыяй, якое мы пачулі сёння падчас св. Імшы, рыхтуе нас да добрага святкавання Божага Нараджэння, кажучы пра дынамізм веры і любові. Гэты дынамізм з’яўляецца працай Святога Духа, Духа Любові, Які апладніў улонне Марыі, і Які мабілізаваў яе пайсці для служэння сваёй старэйшай сваячцы. Гэта дынаміка поўная радасці, як можна ўбачыць па сустрэчы двух маці, што з’яўляецца гімнам радаснага зачаравання ў Пану, Які робіць вялікія справы з малымі, што давяраюць яму.

Няхай Дзева Марыя выпрасіць нам ласку звернутага вонкі, але не рассеянага святкавання Божага Нараджэння: няхай у цэнтры стаіць не наша “я”, але “ты” Езуса і “ты” братоў, асабліва тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Тады мы пакінем прастору для Любові, якая і сёння хоча стаць целам і знаходзіцца сярод нас”, - сказаў Пантыфік.

Завяршаючы сваю нядзельную сустрэчу, Францішак папрасіў сабраных на плошчы св. Пятра аб малітве.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
23 снежня 2018, 14:26