ҽ

Падчас здымак праграмы "Ave Maria" Падчас здымак праграмы "Ave Maria"  

“Ave Maria” з Папам: грэх – гэта ілюзія бессмяротнасці

Грэх – гэта ілюзія бессмяротнасці, падкрэсліў Папа падчас праграмы “Ave Maria”, восьмы выпуск якой 4 снежня 2018 г. выйдзе ў эфіры італьянскага каталіцкага тэлебачання “TV2000”.

Працягваючы каментаваць малітву “Вітай Марыя”, у размове з кс. Марка Поца, Святы Айцец засяродзіў увагу на яе апошнім радку, дзе гаворка ідзе пра смерць – “вялікую праўду чалавечага стану, які з’яўляецца вынікам граху”.

Смерць – гэта рэальнасць, ад якой немагчыма ўцячы, аднак, многія людзі на працягу свайго грахоўнага жыцця імкнуцца не думаць пра яе. Яны ведаюць, што памруць, але намагаюцца пазбягаць думак аб смерці, жывучы ілюзіяй бессмяротнасці, лічыць Папа.

У хвіліну смерці, “я папрасіў бы Марыю быць побач са мною і адарыць мяне спакоем”, прызнаўся Францішак. Ён прызнаўся, што праходзіў падрыхтоўку да “добрай смерці”, якая раней практыкавалася ў духоўных семінарыях, каб будучыя святары прызвычайваліся да гэтага непазбежнага аспекту чалавечага існавання.

Трэйлер восьмай серыі праграмы “Ave Maria”

У праграме Папа падзяліўся поглядам на сітуацыю моладзі і звярнуў увагу на пачуццё самотнасці і занядбанасці, прысутнае ў маладым асяроддзі. “Праз нашу культуру і нашы прапановы мы пазбавілі моладзь каранёў. Мы стварылі культуру без канкрэтнасці, “вадкую культуру”, гаворачы словамі філосафа. Больш за тое, я назваў бы яе “газападобнай”, без каранёў. Думаю, што наша цывілізацыя ў гэтым вінаватая. Сучасная моладзь патрабуе ўкаранёнасці. Марыя ніколі не губляла сваіх каранёў”, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуўся таксама да тэмы самагубства. “Здзейсніць суіцыд – гэта крыху падобна на тое, калі зачыняюць дзверы да збаўлення. Але я ўсведамляю, што самагубства здзяйсняецца не ў поўнай свабодзе”, - дадаў ён.

Спасылаючыся на св. Францішка Асізскага, які называў смерць “сястрою”, Папа прызнаўся, што думае пра смерць, як пра Апошні суд, на якім расчыняецца брама збаўлення.

Праграма “Ave Maria” рыхтуецца тэлеканалам “TV2000”, які належыць Канферэнцыі Біскупаў Італіі, у супрацоўніцтве з ватыканскай Дыкастэрыяй па камунікацыі. З адказаў Францішка ў яе рамках нарадзілася аднайменная кніга, ужо перакладзеная на 10 моў і выдадзеная ў 22 краінах.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 снежня 2018, 14:27