Папа: на Апошні суд забяром толькі тое, што падарылі іншым
“У евангельскім урыўку гэтай нядзелі (пар. Мк 13,24-32) Пан хоча падрыхтаваць сваіх вучняў да будучых падзей, - заўважыў Пантыфік. - Гэта прамова не тычыцца ў першую чаргу канца свету, але хутчэй з’яўляецца запрашэннем, каб добра жылі сённяшнім днём і заўсёды былі гатовымі да таго моманту, калі будзем пакліканы даць справаздачу з нашага жыцця. Езус кажа: “У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго” (Мк 13,24-25). Гэтыя словы схіляюць нас да думкі пра першую старонку Кнігі Быцця, дзе апісваецца стварэнне: сонца, луна, зоркі, якія з пачатку часоў ззялі ў сваім парадку і неслі святло, будучы знакам жыцця, тут апісаны ў стане свайго заняпаду, калі звяргаюцца ў цемру і хаос, што будзе знакам канца. Але святло, якое заззяе ў той апошні дзень, будзе ўнікальным і новым: гэта будзе святло Пана Езуса, Які прыйдзе ў славе, разам з усімі святымі.
Гісторыя чалавецтва, як і асабістая гісторыя кожнага з нас, не можа быць разумета ў якасці простай паслядоўнасці слоў і фактаў, якія не маюць значэння. Таксама яе нельга інтэрпрытаваць у святле фаталістычнага бачання, нібыта ўсё ўжо прадвызначана лёсам, што не пакідае месца свабодзе, перашкаджаючы рабіць учынкі, якія будуць плёнам сапраўднага рашэння.
Мы не ведаем ні калі, ані як гэта адбудзецца; Пан падкрэсліў, што гэтага “ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын” (Мк 13,32); што ўсё схавана ў невядомай таямніцы Айца. Мы ведаем, аднак, адзін фундаментальны прынцып, з якім павінны лічыцца: “Неба і зямля прамінуць – кажа Езус, – а словы Мае не прамінуць” (Мк 13,31). Вось сапраўдны ключавы пункт. У той дзень, кожны з нас павінен будзе зразумець, ці слова Божага Сына асвяціла наша асабістае жыццё, ці мы павярнуліся да яго спіной, аддаючы перавагу даверу да ўласных слоў.
Ніхто не можа ўцячы ад гэтай хвіліны. Ніхто з нас не можа ўцячы ад гэтай хвіліны. Хітрасць, да якой часта прыбягаем, каб зрабіць больш пераканаўчым вобраз, што хочам прадставіць, больш не будзе патрэбна; аналагічна больш не зможам карыстацца ўладай грошай і эканамічных сродкаў, з дапамогай якіх саманадзейна разлічваем купіць усё і ўсіх.
Папросім аб заступніцтве Панны Марыі, каб усведамленне нашай часовасці на зямлі і нашых абмежаванняў, не зрынула нас у трывогу, але нагадвала пра нашу адказнасць за сябе, бліжняга і ўвесь свет”.
Пасля марыйнай малітвы Францішак зазначыў, што з нагоды Сусветнага дня бедных, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле, ён прыме ўдзел у абедзе разам з людзьмі, якія пакутуюць ад галечы. “Гэты Дзень, які ахоплівае ўсё больш і больш парафій, асацыяцый і касцёльных рухаў, павінен быць знакам надзеі і стымулам, каб станавіліся прыладамі міласэрнасці ў грамадстве”, - падкрэсліў Святы Айцец.