ҽ

Папа падчас сустрэчы з моладдзю Папа падчас сустрэчы з моладдзю 

Святы Айцец: тоеснасць і прыналежнасць не прадаюцца

Тоеснасць і прыналежнасць не прадаюцца, падкрэсліў Святы Айцец у відэапасланні да ўдзельнікаў сустрэчы моладзі, арганізаванай Папскім фондам “Scholas Occurentes” у Аргентыне.

Спасылаючыся на міжрэлігійны і міжнародны характар форума, Святы Айцец зазначыў, што сапраўдная сустрэча заўсёды прадугледжвае ўпэўненасць ва ўласнай тоеснасці. Ад яе нельга адмаўляцца дзеля сустрэчы з іншым чалавека, як нельга маскіраваць, нельга хаваць, “бо жыццё – гэта не карнавал, а штосьці вельмі сур’ёзнае”.

Пытанне пра тоеснасць, паводле Папы, з’яўляецца нялёгкім. Яго заўсёды трэба насіць у сэрцы і трымаць адкрытым. Гэта пытанне, якое “ідзе разам з пытаннем пра значэнне майго жыцця”, дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што тоеснасць не набываецца аднойчы і назаўсёды, але пастаянна развіваецца. “Не бывае лабараторнай тоеснасці. Кожная тоеснасць мае гісторыю. А паколькі мае гісторыю – мае прыналежнасць. Мая тоеснасць паходзіць з сям’і, краіны, супольнасці. Вы не можаце казаць пра тоеснасць не кажучы пра прыналежнасць. Мець тоеснасць – значыць прыналежаць. Прыналежаць да чагосьці, што мяне пранізвае, што большае за цябе”, - сказаў ён.

Небяспека, паводле Папы, заключаецца ў тым, што людзі забываюцца пра свае карані, пра тое, адкуль паходзяць, пра сваю гісторыю, становяцца закрытымі на адметнасці, глядзяць на іншых са страхам, бачаць у іх ворагаў – і гэта прыводзіць да канфліктаў і войнаў.

Каб тоеснасць не станавілася гвалтоўнай і аўтарытарнай, каб не адмаўляла адметнасці, яна мае пастаянную патрэбу ў тым, каб сустракацца з іншымі, мае патрэбу ў дыялогу і павінна захоўваць памяць пра сваю прыналежнасць.

“Клапаціцеся пра вашу прыналежнасць. (...) Не прадавайце самае глыбокае, што ёсць у нас: нашу прыналежнасць, нашу тоеснасць. І няхай на шляху адбываецца сустрэча розных “тоеснасцей”, каб узаемна ўзбагачацца. Няхай будуецца братэрства”, - пажадаў Пантыфік.

У сваім відэапасланні Францішак падзякаваў арганізатарам сустрэчы і заклікаў моладзь рабіць “мастацкі шэдэўр” з уласнай тоеснасці і прыналежнасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 кастрычніка 2018, 14:00