ҽ

Францішак падчас малітвы "Анёл Панскі" Францішак падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: служэнне – проціяддзе ад пошуку першых месцаў

Ісці за Езусам па шляху служэння – самым важным шляху да Нябёсаў, заклікаў Папа вернікаў 21 кастрычніка 2018 г., перад малітвай “Анёл Панскі”. На плошчы св. Пятра яго слухалі 20 тыс. чалавек.

Прапануем поўны тэкст папскага разважання.

“Сённяшняе Евангелле (Мк 10, 35-45) апісвае Езуса, Які чарговы раз з вялікай цярплівасцю імкнецца выправіць памылкі сваіх вучняў, навяртаючы іх з ментальнасці свету на ментальнасць Божую. Магчымасць Яму даюць браты Якуб і Ян, два з першых, каго Езус сустрэў і паклікаў ісці за Ім. Яны ўжо прайшлі доўгі шлях з Ім і сталі часткай групы Дванаццаці апосталаў. Такім чынам, падчас дарогі ў Ерузалем, дзе вучні з нецярпеннем чакалі, што Езус, у свята Пасхі, нарэшце, абвесціць Божае Валадарства, браты набраліся смеласці і скіравалі да Настаўніка просьбу: “Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй” (Мк 10, 37).

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

Езус ведае, што Якуб і Ян носяць у сабе вялікі энтузіязм у адносінах да Яго і да справы Валадарства, але ведае таксама, што іх чаканні і іх стараннасць апаганеныя духам гэтага свету. Таму Ён адказвае: “Не ведаеце, аб чым просіце” (Мк 10, 38). І ў той час як яны казалі пра “троны славы”, на якіх будуць сядзець побач з Хрыстом Валадаром, Ён кажа пра “келіх”, што трэба выпіць, пра “хрост”, што павінен быць прыняты – аб сваёй муцы і смерці. Якуб і Ян, увесь час імкнучыся да чаканага прывілею, гавораць з энтузіязмам: так, “можам”! Але нават тут яны не разумеюць, што кажуць. Езус аб’яўляе, што Яго келіх будуць піць і прымуць Яго хрост, гэта значыць, што яны таксама, як і іншыя апосталы, будуць мець долю ў Яго крыжы, калі прыйдзе іх час. Але - заключае Езус - “даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана” (Мк 10, 40). Як бы кажучы: “Зараз ідзіце за мной і пазнайце шлях любові, які “прыносіць страты”, а Айцец нябесны падумае аб узнагародзе.

“[Шлях любові заўсёды “прыносіць страты”, таму што любоў, азначае адмову ад эгаізму і засяроджанасці на сабе, каб служыць іншым.]”

Езус разумее, што іншыя апосталы абураюцца на Якуба і Яна, тым самым давёўшы, што маюць тую ж мірскую ментальнасць. І гэта натхняе Яго на лекцыю, якая адносіцца да хрысціян усіх часоў, і таксама да нас. Ён кажа: “Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою” (Мк 10, 42-43). Гэта правіла хрысціянскага жыцця. Паведамленне Настаўніка яснае: у той час як вялікія гэтай зямлі будуць будаваць “троны” для сваёй улады, Бог выбірае некамфортны трон, крыж, з якога трэба панаваць, даючы сваё жыццё: Езус кажа: “Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” (Мк 10, 45).

“[Шлях служэння з’яўляецца найбольш эфектыўным проціяддзем ад хваробы пошуку першых месцаў, гэта лек для кар’ерыстаў, таго пошуку першых месцаў, які заражае многія чалавечыя сітуацыі, а таксама не шкадуе хрысціян, народ Божы, нават касцёльную іерархію.]”

Таму, як вучні Хрыста, мы павінны прыняць гэта Евангелле як заклік да навяртання, да мужнага і высакароднага сведчання Касцёла, які схіляецца да стоп апошніх, каб служыць ім з любоўю і прастатой.

Няхай Найсвяцейшая Дзева Марыя, якая цалкам і пакорліва падпарадкоўвалася волі Божай, дапамагае нам ісці за Езусам па радасным шляху служэння, самым важным шляху, які вядзе да Нябёсаў”, - сказаў Папа.

Пасля “Анёл Панскі” Францішак пажадаў усім добрай нядзелі і папрасіў не забывацца маліцца за яго.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 кастрычніка 2018, 14:47