ҽ

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Пантыфік: першы плён Сінода – супрацоўніцтва моладзі і пажылых

Першым плёнам Сінода з’яўляецца супрацоўніцтва моладзі і пажылых, заўважыў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 28 кастрычніка 2018 г. прайшла ў Ватыкане.

“Cёння раніцай у базыліцы св. Пятра мы цэлебравалі Імшу на завяршэнне Асамблеі Сінода Біскупаў, прысвечанай моладзі, - зазначыў Францішак - Першае чытанне, з кнігі прарока Ераміі (31,7-9), прагучала асаблівым чынам у гэты момант, бо з’яўляецца словам надзеі, якое Бог дае свайму народу. Гэта слова суцяшэння, заснаванае на тым факце, што Бог – гэта Айцец для свайго народу, Ён любіць яго і клапоціцца пра яго, як пра дзіця; Ён адкрывае перад ім гарызонт будучыні, магчымы, практычны шлях, па якім могуць ісці нават “сляпы і кульгавы, цяжарная разам з парадзіхай”, гэта значыць людзі, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі.

“[Гэта таму, што надзея на Бога – не міраж, накшталт пэўнага рэкламнага роліку, у якім усе здаровыя і прыгожыя, але абяцанне для рэальных людзей, з хібамі і заганамі, патэнцыялам і ўразлівасцю, як усе мы. Надзея Бога – гэта абяцанне да такіх людзей, як усе мы.]”

Гэта слова добра выражае досвед, які мы перажылі на працягу Сінода: гэта быў час суцяшэння і надзеі. Сінод стаў перш за ўсё момантам слухання: слуханне патрабуе часу, увагі, адкрытасці розуму і сэрца. Але гэта заданне штодзённа ператваралася ў суцяшэнне, у першую чаргу таму што сярод нас была жывая і стымулюючая прысутнасць моладзі, з іх гісторыямі і ўкладам. Праз сведчанні Сінадальных Айцоў, шматформавая рэчаіснасць новых пакаленняў увайшла на Сінод, можна сказаць, з усіх бакоў: з кожнага кантынента і разнастайных чалавечых і грамадскіх сітуацый.

З такой фундаментальнай паставай, якой з’яўляецца слуханне, мы спрабавалі чытаць рэальнасць, разумець знакі гэтых нашых часоў. Божае слова і Святы Дух далі на свет распазнанне ў супольнасці. Гэта адзін з самых цудоўных дароў, якія Пан робіць Каталіцкаму Касцёлу – сабраць разам галасы і абліччы з самых розных рэальнасцей, каб мець магчымасць для спробы інтэрпрытацыі, якая ўлічвае багацце і складасць феноменаў, заўсёды ў святле Евангелля. Так, у гэтыя дні, мы дыскутавалі пра тое, як крочыць разам праз шматлікія выклікі, такія як лічбавы свет, феномен міграцыі, значэнне цела і сексуальнасці, драма вайны і насілля.

“[Плёны гэтай працы ўжо “ферментуюцца”, як вінаградны сок ў бочках пасля збору ўраджаю. Сінод аб моладзі стаў добрым ураджаем і абяцае даць добрае віно.]”

Але я хацеў бы сказаць, што першым плёнам гэтай сінадальнай Асамблеі павінен стаць менавіта прыклад метаду, якога мы імкнуліся прытрымлівацца, пачынаючы ад падрыхтоўчага этапу. Мэтай “сінадальнага стылю” не з’яўляецца распрацоўка дакумента, які таксама з’яўляецца каштоўным і патрэбным. Больш чым дакумент, важна, каб пашыраўся спосаб быцця і сумеснай працы моладзі і пажылых людзей, з слуханнем і распазнаннем, каб прыйсці да душпастырскіх рашэнняў, адпаведных рэальнасці.

Таму папросім аб заступніцтве Панны Марыі. Ёй, якая з’яўляецца Маці Касцёла, даверым падзяку Богу за дар гэтай сінадальнай Асамблеі. Няхай яна дапаможа нам зараз развіваць тое, што мы перажылі, без страху, у штодзённым жыцці супольнасцей. Няхай Святы Дух, з Яго мудрай фантазіяй, дапаможа узрастаць пладам нашай працы, каб працягваць крочыць разам з моладзю ўсяго свету”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і ўдзяліў усім сваё благаслаўленне.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
28 кастрычніка 2018, 12:10