ҽ

Папа падчас сустрэчы з моладдзю Папа падчас сустрэчы з моладдзю 

Францішак і Сінадальныя Айцы сустрэліся з моладдзю

Некалькі тысяч юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у сустрэчы з Папам і іншымі ўдзельнікамі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Яна адбылася вечарам 6 кастрычніка 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI.

Кранальныя сведчанні, спевы, артыстычныя прадстаўленні, відэазамалёўкі аб турботах, радасцях і марах сучаснай моладзі складалі галоўную частку чування, арганізаванага Кангрэгацыяй Каталіцкай Адукацыі. Маладыя людзі распавядалі пра свой досвед, звязаны з рознымі жыццёвымі сітуацыямі, вучобай, працай, пачуццямі, мінулым і распазнаннем паклікання.

Папа асабіста пажадаў сустрэцца з юнакамі і дзяўчатамі, каб іх прапановы маглі ўзбагаціць Выніковы дакумент трываючага ў Ватыкане Сінода Біскупаў. Спасылаючыся на шматлікія пытанні моладзі Францішак зазначыў, што адказы на іх дадуць менавіта Сінадальныя Айцы, бо калі б гэта зрабіў ён, Сінод быў бы непатрэбны.

У той жа час Пантыфік даў сваім гасцям некалькі парадаў. У першую чаргу ён заклікаў моладзь пастаянна знаходзіцца ў дарозе, гледзячы наперад, а не ў люстэрка. Важна быць юнакамі і дзяўчатамі, якія не праводзяць свой час на канапе, як 24-гадовыя пенсіянеры, сказаў ён. Папа параіў моладзі шукаць сябе, выходзячы насустрач дабру і прыгажосці.

Паводле Святога Айца, важнай з’яўляецца шчырасць і паслядоўнасць у жыцці. Францішак выказаў разуменне ў сувязі з крытыкай у адрас Касцёла, калі ён вучыць евангельскім благаслаўленням, а сам паддаецца “княжаскаму і скандальнаму клерыкалізму”, які з’яўляецца найгоршым перакручваннем сутнасці касцёльнага служэння.

Пантыфік зазначыў, што сапраўдная ўлада выражаецца ў тым, каб дапамагаць людзям узрастаць. Іншае разуменне ўлады – гэта праява эгаізма і жадання прыніжаць і знявольваць людзей, перакананы ён.

Святы Айцец нагадаў пра важнасць разважлівага выкарыстання сучасных сродкаў камунікацыі. Ён падкрэсліў, што гаджэты не павінны адцягваць ад рэальнага жыцця і сустрэчы з канкрэтнымі людзьмі. Калі так адбываецца, трэба абмежаваць карыстанне імі.

Канкрэтнасць, паводле яго слоў, павінна выражацца таксама ў гасціннасці. Папа асудзіў папулізм, накіраваны супраць мігрантаў, і зазначыў, што гэтая, папулярная сёння з’ява, не мае нічога супольнага з сапраўднай культурай народа. Папулізм – гэта закрытасць, а любоў адкрывае дзверы, сказаў ён.

На заканчэнне сустрэчы Францішак параіў моладзі часцей размаўляць з пажылымі людзьмі, якія з’яўляюцца карэннем, без якога немагчыма прыносіць плёны. Дзякуючы гэтым караням, моладзь, у сваю чаргу, можа стаць карэннем для іншых пакаленняў, сцвердзіў Святы Айцец.

Перад тым як пакінуць Залу Паўла VI Пантыфік атрымаў ад моладзі спіс пытанняў, якія перадасць Сінадальным Айцам.

Рэпартаж аб сустрэчы Папы з моладдзю
Навіна ў фармаце аўдыё
07 кастрычніка 2018, 09:35