ҽ

Папа падчас св. Імшы на распачацце Сінода Біскупаў Папа падчас св. Імшы на распачацце Сінода Біскупаў 

Папа на сінадальнай Імшы: не пакінуць моладзь самотнай

3 кастрычніка 2018 г. Папа ўзначаліў св. Імшу на распачацце ХV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Ён будзе праходзіць цягам бліжэйшых трох тыдняў.

Эўхарыстыя цэлебравалася на галоўнай ватыканскай плошчы пры ўдзеле некалькіх дзесяткаў тысяч вернікаў з розных частак свету. Разам з Францішкам маліліся 266 Сінадальных Айцоў.

“Намашчаныя надзеяй мы пачынаем новую касцёльную сустрэчу, здольную пашырыць гарызонты, абагаціць сэрцы і змяніць тыя структуры, якія нас сёння паралізуюць, раздзяляюць і аддаляюць ад моладзі, пакідаючы яе перад абліччам неспрыяльных умоў, пазбаўляючы супольнасці веры, якая іх падтрымае, без перспектывы сэнсу і жыцця”, - сказаў Папа ў сваёй гаміліі.

Пантыфік спаслаўся на словы Евангелля св. Яна: “Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам” (14,26). Ён падкрэсліў, што такім чынам Езус запэўнівае сваіх вучняў, што будзе суправаджаць іх падчас выканання даручанай ім місіі.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

“Няхай Дух Святы дасць нам ласку быць Сінадальнымі Айцамі, намашчанымі дарам мараў і надзеі, каб маглі, са свайго боку, намашчаць нашу моладзь дарам прароцтва і бачання; няхай дасць нам ласку быць дзейснай, жывой, плённай памяццю, якая з пакалення ў пакаленне не дазваляе, каб яе згасілі ці раструшчылі ні прарокі няшчасця і няўдачы, ні нашы абмежаванні, памылкі і грахі, але, каб мы мелі здольнасць знаходзіць прастору для распальвання сэрцаў і распазнання шляхоў Духа”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак прывітаў усіх Сінадальных Айцоў. Ён падкрэсліў, што ўпершыню ў Сінодзе будуць прымаць удзел іерархі з КНР. Пантыфік адзначыў, што іх прысутнасць робіць яшчэ больш бачнай камунію ўсяго епіскапату з Наступнікам св. Пятра.

Паводле Папы, адмова ад канфармізму і прынцыпу “заўсёды так рабілася” дапаможа моладзі знайсці надзею для руху наперад.

“[Гэта тая ж надзея, што заклікае нас працаваць для выкаранення беднасці, адчужэння і насілля, якім падвяргаецца наша моладзь]”

- сказаў ён.

На думку Францішка, маладыя людзі “просяць і патрабуюць крэатыўнай адданасці, дынамічнай, захопленай і поўнай надзеі разважлівасці, таго, каб мы не пакідалі іх самотнымі ў руках шматлікіх гандляроў смерцю”.

Папа заклікаў Сінадальных Айцоў шукаць карысці для бліжняга і паважаць меркаванне адно аднаго, каб “не запанавала логіка самазахавання і самадастатковасці”, якая акцэнтуе другаснае замест важнага. “Без такога стаўлення ўсе нашыя намаганні будуць марнымі”, - лічыць Папа.

Францішак запрасіў удзельнікаў Сіноду слухаць Бога, каб пачуць голас народа.

“[Гэта стаўленне абароніць нас ад спакусы маралізатарства і элітарызму, а таксама дазволіць не сімпатызаваць абстрактным ідэалогіям, якія не адпавядаюць рэальнасці нашага народа]”

- сцвердзіў ён.

Папа нагадаў, што Другі Ватыканскі Сабор завяршаўся пасланнем Саборных Айцоў менавіта да моладзі. Ён паўтарыў словы Паўла VI пра моладзь – надзею Касцёла і заклікаў маладое пакаленне будаваць лепшы свет.

Навіна ў фармаце аўдыё

Photogallery

Эўхарыстыя на распачацце Сінода Біскупаў
03 кастрычніка 2018, 11:25