ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа заклікаў Касцёл у ЗША да духоўнага ўзаемаўзбагачэння

Пастырскага навяртання праз сустрэчу з Езусам Хрыстом, пажадаў папа Францішак партыкулярным Касцёлам Злучаных Штатах Амерыкі.

З нагоды V Нацыянальнай сустрэчы іспанамоўных католікаў у ЗША на тэму “Вучні-місіянеры: сведкі Бога”, якая з 20 па 23 верасня 2018 г. праходзіць у горадзе Грэйпвайн амерыканскага штата Тэхас, Святы Айцец скіраваў яе арганізатарам і ўдзельнікам адмысловае відэапасланне.

“Гэта гістарычная падзея для Касцёла ў Злучаных Штатах Амерыкі”, - адзначыў Пантыфік. Ён ухваліў намаганні яе натхняльнікаў “рэалізаваць культуру сустрэчы”, якая дае надзею на адшуканне паразумення.

“Розныя культуры, розны лад жыцця і мыслення сустракаюцца і крочаць разам у надзеі. Вы запрошаны дасягнуць новага спосабу быцця разам і ўзаемаадносін, якія б надавалі кожнаму чалавеку і кожнай групе адвагу дзяліцца багаццем уласных традыцый, багаццем уласнага вопыту, мужнасць разбураць муры і будаваць масты”, - сказаў Францішак.

Папа выказаў перакананне, што V Сустрэча іспанамоўных католікаў у ЗША, гэта канкрэтны спосаб мясцовага Касцёла “адказаць на выклік выйсця з любога роду выгодаў і ўкаранёнасці і ператварыцца ў закваску паяднання з усімі тымі, хто шукае будучыні надзеі, асабліва з моладдзю і з сем’ямі, што жывуць на перыферыі грамадства”.

Відэапасланне да іспанамоўных католікаў у ЗША

Святы Айцец падкрэсліў, што вопыт падобных Сустрэч з’яўляецца “часткай больш маштабнага працэсу абнаўлення, місійнага імпульсу, да якога пакліканы ўсе мясцовыя, партыкулярныя Касцёлы з іх чалавечай і культурнай разнастайнасцю”.

“Пятая Сустрэча падбадзёрыла многіх мігрантаў, якія жывуць у страху і няпэўнасці, - працягнуў Францішак. - Яна дала ім больш моцнае адчуванне адзінства, сяброўства і падтрымкі”, паспрыяла навяртанню многіх сэрцаў, душпастырскаму навяртанню партыкулярных Касцёлаў, парафій, калегіумаў, рознага тыпу касцёльных ініцыятыў. Гэтыя перамены Папа назваў “душпастырскім навяртаннем праз сустрэчу ў адарацыі Езуса Хрыста”.

Францішак пажадаў, каб Сустрэча працягвала прыносіць плён, а Касцёл і надалей суправаджаў гэты працэс сваёй душпастырскай разважлівасцю. Ён заклікаў партыкулярныя Касцёлы падумаць, якім чынам яны могуць больш эфектыўна адказаць на ўзрастаючую прысутнасць, на дары і патэнцыял іспанамоўнай моладзі і сем’яў, а таксама прадстаўнікоў іншых культур.

V Нацыянальная сустрэча іспанамоўных католікаў у ЗША засяроджана на душпастырстве іспанамоўных жыхароў Злучаных Штатаў. Галоўная мэта форуму – прааналізаваць, як Касцёл у ЗША адказвае на прысутнасць іспанцаў і лацінаамерыканцаў і ўзмацніць шляхі іх “аб’яднання да ўдзелу ў жыцці Касцёла ў якасці вучняў-місіянераў”. У працэсе кансультацый на этапе падрыхтоўкі да сустрэчы прымалі ўдзел больш за 5 тыс. парафій, якія разам налічваюць сотні тысяч вернікаў з усёй Лацінскай Амерыкі.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 верасня 2018, 10:13