ҽ

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: вера, абмежаваная фармуліроўкамі – блізарукая

Любоў змяняе ўсё і можа змяніць таксама і нас, кожнага з нас, падкрэсліў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 16 верасня 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“У сённяшнім евангельскім урыўку (пар. Мк 8,27-35) паўтараецца пытанне, якое пранізвае Евангелле св. Марка: кім з’яўляецца Езус? - заўважыў Францішак. - Але на гэты раз сам Езус задае яго вучням, дапамагаючы ім паступова адказаць на фундаментальнае пытанне адносна Яго тоеснасці. Перад тым як непасрэдна спытацца ў іх – у Дванаццаці – Езус жадае пачуць ад іх, што думаць пра Яго людзі, і Ён добра ведае, што вучні вельмі чуллівыя да славутасці Настаўніка! Таму Ён пытаецца: “Кім людзі лічаць Мяне?” (Мк 8,27). Высвятляецца, што людзі лічылі Езуса вялікім прарокам. Але, на самой справе, Яго не цікавяць апытанні і плёткі. Езуса не цікавіць гэта...

“[Ён не прымае нават таго, што Яго вучні адказваюць на Яго пытанне згодна з завучанымі фармуліроўкамі, цытуючы славутых постацяў Святога Пісання, бо вера, якая зводзіцца да фармуліровак – гэта блізарукая вера.]”

Пан прагне, каб Яго вучні, учарашнія і сённяшнія, усталявалі з Ім асабістыя адносіны, і так прынялі Яго ў цэнтр свайго жыцця. Вось чаму Ён заклікае іх стаць у праўдзе перад сабой, і пытаецца: “А вы кім лічыце Мяне?” (Мк 8, 29). Сёння Езус скіроўвае гэтае прамое і прыватнае пытанне да кожнага з нас: “Кім ты лічыш Мяне? Кім вы лічыце Мяне? Хто Я для цябе?”. Кожны пакліканы адказаць на яго ва ўласным сэрцы, дазваляючы прасвятліць сябе тым святлом, якое Айцец дае нам, каб ведалі Яго Сына Езуса. Можа здарыцца, што мы, як Пётр, з энтузіязмам сцвердзім: “Ты – Хрыстус”. Але калі Езус выразна кажа нам, тое што сказаў вучням – што Яго місія спаўняецца не на шырокім шляху поспеху, але на цярністай сцяжынцы пакутуючага Слугі, прыніжанага, адрынутага і ўкрыжаванага – тады можа здарыцца таксама і з намі, што, як Пётр, будзем пратэставаць і абурацца, бо гэта супярэчыць нашым чаканням, чаканням гэтага свету.

“[У такія моманты таксама і мы заслугоўваем аздараўленчага Езусавага дакору: “Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае” (Мк 8,33).]”

Браты і сёстры, вызнанне веры ў Езуса Хрыста не можа спыняцца на словах, але патрабуе пацвярджэння канкрэтнымі рашэннямі і жэстамі, жыццём, пазначаным любоўю да Бога, вялікім жыццём, жыццём з вялікай любоўю да бліжняга. Езус кажа нам, што, каб ісці за Ім, каб быць Ягонымі вучнямі, трэба адрачыся ад сябе (пар. Мк 8,34), гэта значыць ад прэтэнзій ўласнага эгаістычнага высакамер’я, узяць свой крыж. Затым Ён дае ўсім фундаментальнае правіла: “Хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго” (Мк 8, 35). Часта ў жыцці, па многіх прычынах, мы памыляемся дарогай, шукаючы шчасця ў рэчах, альбо людзях, да якіх ставімся як да рэчаў.

“[Але шчасце мы знаходзім толькі калі любоў – сапраўдная любоў – сустракае нас, уражвае нас, змяняе нас. Любоў змяняе ўсё і яна можа змяніць таксама нас, кожнага з нас. Гэта дэманструюць сведчанні святых.]”

Няхай Панна Марыя, якая жыла сваёй верай верна наследуючы свайго Сына Езуса, дапаможа нам крочыць Ягоным шляхам, шчорда ахвяруючы сваім жыццём дзеля Яго і братоў”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра рымлян і пілігрымаў. Ён нагадаў, што 15 верасня 2018 г. здзейсніў візіт на Сіцылію, у сувязі з чым падзякаваў усім арганізатарам гэтага падарожжа і запэўніў у малітве насельніцтва гэтага італьянскага вострава.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 верасня 2018, 12:14