ҽ

Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму ксенафобіі, расізму і нацыяналізму Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму ксенафобіі, расізму і нацыяналізму 

Папа пра ксенафобію і расізм: вяртаюцца з’явы з мінулага

Францішак прыняў 20 верасня 2018 г. на аўдыенцыі ўдзельнікаў міжнароднай экуменічнай канферэнцыі на тэму: “Ксенафобія, расізм і папулісцкі нацыяналізм у кантэксце міграцыі”.

Святы Айцец падзяліўся з сабранымі ў Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палаца сваімі думкамі адносна ўзгаданай праблемы, уручыўшы ім тэкст прамовы, якую падрыхтаваў загадзя. У ёй Папа заўважыў, што ў нашу эпоху вярнуліся з’явы, якія, здавалася, засталіся ў мінулым: падазронасць, страх і нянавісць да чалавека па прычыне яго этнічнай, нацыянальнай ці рэлігійнай прыналежнасці.

“На жаль, здараецца, што нават у свеце палітыкі людзі паддаюцца спакусе інструменталізацыі страхаў і аб’ектыўных цяжкасцей некаторых груп і выкарыстання ілюзорных абяцанняў для недальнабачных электаральных мэт”, - падкрэсліў ён.

Францішак адзначыў важнасць барацьбы з праявамі нецярпімасці, пачынаючы з выхавання ў сям’і – месца, дзе “з маленства вучымся каштоўнасцям спагады, гасціннасці, братэрства і салідарнасці”, – а таксама ў навучальных установах і сферы масавай інфармацыі, дзе неабходна “спрыяць культуры сустрэчы, адкрытасці, узаемнай павазе ў адметнасцях”.

Папа адзначыў, што сёння ёсць тыя, хто выкарыстоўвае недавер да замежнікаў у сваіх эканамічных інтарэсах. Гэта садзейнічае ўмацаванню незаконнасці і эксплуатацыі і рабства. Папа заўважыў, што рана ці позна яны павінны будуць адказаць перад Богам за свае дзеянні.

Святы Айцец нагадаў пра абавязак рэлігійных лідараў змагацца супраць праяў ксенафобіі і расізму, прапаведуючы сярод вернікаў маральныя прынцыпы і каштоўнасці, упісаныя Богам у сэрца чалавека і вядомыя як “натуральны маральны закон”.

Гаворка ідзе пра ўчынкі і жэсты, якія паспрыяюць будаванню грамадства, заснаванага на прынцыпе святасці чалавечага жыцця і павагі да годнасці кожнай асобы, а таксама на любові, братэрстве і салідарнасці, звярнуў увагу Францішак.

Папа нагадаў прадстаўнікам хрысціянскіх супольнасцей аб іх асаблівым пакліканні быць пакорнымі і дзейснымі сведкамі Хрыстовай любові.

Канферэнцыя “Ксенафобія, расізм і папулісцкі нацыяналізм у кантэксце міграцыі” была арганізавана ватыканскай Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Сусветнай Радай Цэркваў. Сваю дапамогу ў падрыхтоўцы аказала Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Рэпартаж з папскай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё
20 верасня 2018, 12:36