ҽ

"Анёл Панскі" у парку Santakos у Каўнасе "Анёл Панскі" у парку Santakos у Каўнасе 

Францішак: рабіце рэальнасцю глабалізацыю салідарнасці

Стацца апошнімі і слугамі для ўсіх, быць там, куды ніхто не хоча ісці, заклікаў Папа вернікаў перад малітвай “Анёл Панскі”, якую правёў 23 верасня 2018 г. пасля св. Імшы ў парку Sàntakos літоўскага горада Каўнас.

“Кніга Мудрасці, урывак з якой мы слухалі ў першым чытанні, апавядае пра
справядлівага, які падвяргаўся пераследу, пра таго, адна толькі прысутнасць
якога выклікала непрыязнасць у бязбожнікаў, – нагадаў Святы Айцец. –
Бязбожнік апісваецца як той, хто прыгнятае беднага, не спачувае ўдаве, не
паважае пажылога (Мдр 2,17-20). Бязбожнік асмельваецца думаць, што яго моц
– гэта норма справядлівасці. Падпарадкоўваць сабе найбольш уразлівых,
выкарыстоўваць сілу ў любой яе форме, навязваць пэўны спосаб мыслення,
ідэалогію, пануючую думку, праяўляць жорсткасць ці рэпрэсіі, каб сагнуць тых,
хто сваімі шчырымі, простымі, працавітымі і салідарнымі буднямі сведчаць,
што іншы свет, іншае грамадства – магчымыя. (...)

75 гадоў таму гэтая нацыя прымала ўдзел у канчатковым разбурэнні
вільнюскага гета; так дасягнула кульмінацыйнай кропкі вынішчэнне тысяч
яўрэяў, распачатае двума гадамі раней. Як чытаем у Кнізе Мудрасці, яўрэйскі
народ прайшоў праз знявагі і пакуты. Будзем памятаць пра тыя часы і прасіць
Пана, каб надзяліў нас дарам разважлівасці, каб заўважаць у часе любы новы
зародак гэтых згубных паводзін, любой атмасферы, што выклікае атрафію
сэрца пакаленняў, якія яе не зведалі і маглі б абмінуць гэты гул сірэны.

Езус у Евангеллі нагадвае нам пра спакусу, якую мы павінны ўважліва
пільнаваць, – прагу быць першымі, панаваць над іншымі, – што можа звіць сабе
гняздо ў любым чалавечым сэрцы. (...) Які сродак прапануе Езус, калі такі
імпульс з’яўляецца ў нашых сэрцах і ў менталітэце грамадства ці краіны?
Стацца апошнім і слугой для ўсіх; быць там, куды ніхто не хоча ісці, куды
нішто не дасягае, у найбольш аддаленыя перыферыі; і служыць, ствараючы
месцы для сустрэчы з апошнімі, з адчужанымі. Калі б улада адважылася на гэта,
калі б мы дазволілі Евангеллю Хрыста дасягнуць глыбіняў нашага жыцця, тады
глабалізацыя салідарнасці сапраўды стала б рэальнасцю. (...)

Тут, у Літве, ёсць Гара крыжоў, дзе тысячы чалавек на працягу стагоддзяў
устанаўлівалі крыжы. Запрашаю вас падчас малітвы “Анёл Панскі” прасіць
Марыю, каб дапамагала нам ставіць крыжы нашага служэння, нашага
прысвячэння там, дзе ў нас ёсць патрэба, на ўзгорку, дзе жывуць апошнія, дзе
патрабуецца далікатная ўвага да ізаляваных, да меншасцяў, каб аддаліць ад
месцаў нашага прабывання і нашых культур магчымасць знішчэння іншага, яго
выцяснення, далейшага адчужэння тых, хто нас раздражняе і замінае нашым
выгодам.

Езус ставіць у цэнтры дзіця, на аднолькавай адлегласці ад усіх, каб усе мы
адчулі абавязак даць адказ. Памятаючы пра сказанае Марыяй “Так”, будзем
прасіць Яе, каб зрабілае нашае “Так” такім жа шчодрым і плённым”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак падзякаваў Прэзідэнту Літвы, уладам
краіны і мясцоваму духавенству за падрыхтоўку яго візіту ў гэтую рэспубліку і
прызнаўся, што ў гэтыя дні хацеў бы надаць асаблівую ўвагу яўрэйскай
супольнасці, узгадаваючы 75-годдзе яе вынішчэння. Францішак пажадаў, каб
Бог “благаславіў дыялог і сумесныя намаганні на карысць справядлівасці і
міру”.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 верасня 2018, 12:05