Папа ў Літве: адкрылася рэгістрацыя пілігрымаў
Францішак будзе знаходзіцца ў краінах Балтыі 22-25 верасня 2018 г. – дакладна ў 25-ю гадавіну гістарычнага візіту сюды св. Яна Паўла II.
З 1 жніўня 2018 г. у Літве, у якой Пантыфік правядзе першыя два дні свайго падарожжа, адкрылася рэгістрацыя пілігрымаў на папскія падзеі. Тыя, хто жадаюць прыняць удзел у мерапрыемствах, могуць зарэгістравацца праз спецыяльны вэб-рэсурс: , які функцыянуе на дзвюх мовах: англійскай і літоўскай. Там ёсць магчымасць заявіць прысутнасць як асобных пілігрымаў, так і груп.
На старонцы можна замовіць квіткі і на сустрэчу з моладдзю ў Вільнюсе – 22 верасня, – і на св. Імшу ў Каўнасе – 23 верасня. Квіткі ў асобныя сектары можна будзе атрымаць у электронным выглядзе. Дата завяршэння прыняцця замоў не вызначана, магчыма, сістэма рэгістрацыі будзе дзейнічаць да размеркавання ўсіх месцаў.
На тым жа вэб-рэсурсе прымаюцца заяўкі на акрэдытацыю для прадстаўнікоў СМІ: прэсы, радыё і тэлебачання. У сувязі са спецыяльнымі мерамі бяспекі, гэта можна зрабіць толькі да 13 жніўня.