У Ірландыі Папа сустрэнецца з заручанымі і маладымі сужонкамі
Падчас свайго візіту ў Ірландыю на Сусветную сустрэчу сем’яў, Францішак сустрэнецца з парамі, якія нядаўна павянчаліся або заручыліся.
Гэта адбудзецца 25 жніўня 2018 г. у дублінскай прокатэдры Найсвяцейшай Панны Марыі.
Усе прысутныя атрымаюць “Сямейны малітоўнік”, перавыданне якога здзейсніла Рада па справах сужэнства і сям’і Канферэнцыі Біскупаў Ірландыі. Гэты бестселер, які ўпершыню з’явіўся ў 2013 г., можа дапамагчы парам падрыхтавацца да шлюбу, а затым перажываць з Богам сваё сужэнства. Ён прызначаны таксама і для тых, хто хоча маліцца за сужэнства і сям’ю.
У новай рэдакцыі прымаўся пад увагу змест Апостальскай адгартацыі Францішка „Amoris laetitia”, была змешчана афіцыйная малітва Сусветнай сустрэчы сем’яў.
Форум будзе праходзіць у сталіцы Ірландыі 21-26 жніўня 2018 г. на тэму “Евангелле сям’і – радасць для свету”. 25 і 26 жніўня ў Дубліне будзе знаходзіцца Святы Айцец.
06 жніўня 2018, 16:54