ҽ

Папа падчас Свята сем'яў на дублінскім стадыёне "Крокс-Парк" Папа падчас Свята сем'яў на дублінскім стадыёне "Крокс-Парк" 

Папа да сем’яў: вы надзея Касцёла і свету

“Вы надзея Касцёла і свету!” – такія словы Папа скіраваў да тысяч сем’яў, якія вечарам 25 жніўня 2018 г. сабраліся на тэрыторыі дублінскага стадыёна “Крок-Парк”.

Нагодай для сустрэчы стала Свята сем’яў – адна з цэнтральных падзей ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў – галоўнага каталіцкага сямейнага форума, які праходзіць сёлета ў ірландскай сталіцы. Сведчанні, танцы, спевы, у тым ліку голас знакамітага Андрэа Бачэлі, сагравалі сэрцы амаль 75 тыс. чалавек, якія сабраліся тут прахалодным жнівеньскім вечарам.

У звароце да сабраных Францішак засяродзіў сваю ўвагу на місіі сем’яў у сучасным свеце, спасласылаючыся на дэвіз форума: “Евангелле сям’і – радасць для свету”.

Паводле Пантыфіка, каб па-сапраўднаму быць радасцю для света, кожная сям’я паклікана быць “пражэктарам”, які выпраменьвае радасць сваёй любові на свет. Гаворка ідзе праз сведчанне любові, якое даецца ў штодзённым жыцці і самых ардынарных справах на працягу дня, пра святасць у штодзённасці, лічыць Папа.

“[Евангелле сям’і з’яўляецца сапраўднай радасцю для свету, бо там, у нашых сем’ях, заўсёды можна знайсці Езуса. Ён прабывае там у прастаце і беднасці, як рабіў гэта ў доме Святой Сям’і з Назарэта]”

- дадаў Францішак.

Спасылаючы на сведчанне, якое склала сям’я з Буркіна-Фасо, Папа падкрэсліў значэнне малых жэстаў прабачэння, як фундаменту хрысціянскага сямейнага жыцця. “Калі сям’я так робіць, яна вытрывае. Не бывае ідэальных сем’яў. Без прабачэння сям’я становіцца хворай і пакрысе разбураецца”, - сказаў ён. Паводле Святога Айца, дзеці вучацца прабачэнню, калі бачаць як бацькі прабачаюць адно аднаго.

Каментуючы сведчанне індыйскай сям’і, якое тычылася адносін да сацыяльных сетак, Папа зазначыў, што тэхналогіі могуць быць вельмі добрымі і карыснымі, калі выкарыстоўваюцца ўмеркавана і разважліва. У той жа час, сацыяльныя сеткі не павінны замяняць сапраўдных жывых адносін з бліжнімі. Варта задумацца, ці не трэба крыху абмежаваць час карыстання сучаснымі сродкамі камунікацыі на карысць паглыблення адносін паміж сабой і з Богам, дадаў ён.

Рэпартаж аб удзеле Папы ў Свяце сем'яў

Выслухаўшы сведчанне вернікаў з Іраку Пантыфік звярнуў увагу на пакліканне сям’і быць месцам, дзе вучацца міру, любові, прыняццю іншага чалавека і прабачэнню. Сям’я, паводле яго слоў, гэта лепшае “супрацьяддзе ад нянавісці і помсты”.

Ірландскія сужонкі, падзяліліся кранальным сведчаннем пра тое, як дзякуючы Хрысту змаглі перамагчы наркатычную залежнасць і стварыць сям’ю, а сёння маюць дзесяць дзяцей, аднаго з якіх усынавілі. Хрыстовая любоў дазваляе адкрыць сэрца на людзей, якія патрабуюць любові, асабліва самотных, пакінутых, слабых, часта выкінутых на ўбочыну культурай адчужэння, заўважыў Папа.

Напрыканцы сустрэчы Францішак падкрэсліў, што сваім сведчаннем Евангелля сем’і могуць дапамагчы Богу рэалізаваць сваю мару. “Вы можаце зрабіць унёсак, каб зблізіць усіх Божых дзяцей, каб узрасталі ў еднасці і навучыліся таму, што значыць для ўсяго свету жыць у міры, як вялікая сям’я”, - сказаў Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё


 

26 жніўня 2018, 09:46