ҽ

Францішак падчас прэс-канферэнцыі падчас пералёту з Дубліна ў Рым Францішак падчас прэс-канферэнцыі падчас пералёту з Дубліна ў Рым 

Злоўжыванні духавенства ў цэнтры размовы Папы з журналістамі

Барацьба з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле была галоўнай тэмай размовы Папы з журналістамі на борце самалёта ірландскай авіякампаніі “Aer Lingus” падчас яго пералёту з Дубліна ў Рым.

Адно з пытанняў тычылася ліста былога Апостальскага нунцыя ў ЗША, арцыбіскупа Карла Марыі Вігано, у якім утрымліваюцца абвінаванні ў адрас Папы і некаторых высокіх іерархаў Рымскай курыі ва ўтойванні злачынстваў арцыбіскупа-эмерыта Вашынгтонскага, кардынала Тэадора МакКарыка.

Францішак адмовіўся каментаваць гэты дакумент. “Прачытайце яго ўважліва і зрабіце ўласныя высновы. Я думаю, што гэты дакумент кажа сам за сябе”, - сказаў ён.

Адказваючы на пытанне адносна абвінавачванняў ва ўтойванні злоўжыванняў з боку духавенства арцыбіскупам Ліёнскім, кардыналам Філіпам Барбарэнам, Папа падкрэсліў, што калі існуюць падазрэнні, то ён не супраць расследвання, але папярэдзіў, што нельга асуджаць чалавека, пакуль яго віна не даказана.

Журналістаў цікавала як адбываецца ў Касцёле працэс над біскупамі, абвінавачанымі ў злоўжываннях. Папа падкрэсліў, што ідэя стварэння адмысловага трыбунала, які б займаўся гэтымі справамі была адхілена. Больш эфектыўным аказалася стварэнне спецыяльных судовых калегій для кожнага асобнага выпадку.

Каментуючы скіраваны ў нядаўнім папскім Лісце да Божага народа заклік да свецкіх вернікаў, каб змагаліся са злоўжываннямі, Святы Айцец патлумачыў, што гаворка ідзе пра тое, каб вернікі паведамлялі аб фактах злачынстваў, пра якія ведаюць. Паводле Папы, нярэдка здараецца, што бацьці не вераць уласным дзецям, якія абвінавачваюць святара, і такім чынам самі ўтойваюць злачынства.

Распавядаючы пра сустрэчу з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў з боку ірландскага духавенства Папа падкрэсліў, што падчас яе даведаўся пра пэўныя справы, якія раней яму былі невядомыя, напрыклад пра самотных маці, у якіх адбіралі дзяцей і аддавалі на ўсынаўленне.

Адно з пытанняў тычылася меркавання Францішка пра легалізацыю абортаў у Ірландыі. Святы Айцец зазначыў, што гэта не рэлігійнае, але антрапалагічнае пытанне: ці этычна дапушчальным з’яўляецца знішчэнне чалавечай істоты для вырашэння якой-небудзь праблемы?

Францішак заўважыў, што падчас сваёй пілігрымкі ўбачыў вялікую веру ірландскага народа, нягледзячы на тое, што існуюць рэчы, якія аддаляюць людзей ад яе.

Рэпартаж аб прэс-канферэнцыі Папы
Навіна ў фармаце аўдыё
27 жніўня 2018, 07:48