ҽ

Папа падчас св. Імшы ў інтэнцыі мігрантаў і бежанцаў Папа падчас св. Імшы ў інтэнцыі мігрантаў і бежанцаў 

Папа: адзіны разумны падыход да міграцыі – салідарнасць

“Салідарнасць і міласэрнасць” – адзіны разумны адказ на сучасны міграцыйны выклік, выказаў упэўненасць папа Францішак падчас св. Імшы ў інтэнцыі мігрантаў і бежанцаў.

Літургія адбылася 6 ліпеня 2018 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра з удзелам каля 200 бежанцаў і асоб, якія імі апякуюцца. Эўхарыстыя была прымеркавана да пятай гадавіны візіту Пантыфіка на італьянскі востраў Лампедуза і стала малітвай за загінулых і выратаваных, за тых, хто дапамагае асобам, якія былі вымушаны пакінуць радзіму.

Сваю гамілію Пантыфік распачаў з перасцярогі прарока Амоса: “Вы, што ўціскаеце ўбогага і даводзіце да галечы беднага (...) Вось настаюць дні, (...) калі Я спашлю на зямлю голад; (...) прагу пачуць слова Пана” (Ам 8,4.11). Гэтае папярэджанне, на думку Святога Айца, яшчэ і сёння мае надзвычайную актуальнасць: у свеце шмат прыгнечаных асоб, і вялікую іх частку складаюць мігранты і бежанцы – ахвяры культуры адчужэння.

Затым Папа звярнуўся да літургічнага евангельскага чытання (Мц 9,9-13), у якім Езус дакарае фарысеяў: “Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”.

“[Гэта непасрэднае абвінавачванне ў марнай крывадушнасці тых, хто не жадае “забрудзіць рукі” (...) – у спакусе, шырока прысутнай у нашы дні, якая праяўляецца ў замкнёнасці ў адносінах да тых, хто, як і мы, мае права на бяспеку і на годныя ўмовы жыцця; ва ўзвядзенні муроў, рэальных ці ўяўных, замест мастоў,]”

– перасцярог Святы Айцец.

Папа нагадаў пра абяцанне, дадзенае Езусам: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11,28), аднак заўважыў, што, каб выканаць яго, Сын Божы мае патрэбу ў нашым супрацоўніцтве.

“[Езусу неабходны нашы вочы, каб заўважаць патрэбы братоў і сясцёр. Яму неабходны нашы рукі, каб прыходзіць на дапамогу. Яму патрэбны наш голас, каб выкрываць несправядлівасці, якія чыняцца ў маўклівасці, часам сумесна, многімі людзьмі. (...) Але перш за ўсё, Пан патрабуе нашага сэрца, каб праяўляць міласэрную любоў Бога да апошніх, адкінутых, забытых,]”

– сказаў Францішак.

Паводле Папы, адзіным разумным адказам на сучасны міграцыйны выклік з’яўляюцца “салідарнасць і міласэрнасць”, “справядлівае размеркаванне адказнасці”, “шчырая ацэнка альтэрнатыў” і “дальнабачны падыход” да пытання.

“[Справядлівая палітыка – тая, якая пастаўлена на служэнне чалавеку, усім зацікаўленым асобам; якая прадугледжвае рашэнні, прыдатныя для гарантавання бяспекі, павагі да правоў і годнасці кожнага чалавека; здольная шукаць дабра для ўласнай краіны з улікам дабра іншых дзяржаў ва ўсё больш узаемазвязаным свеце,]”

– заключыў Францішак.

На завяршэнне гаміліі Папа звярнуўся да міжнароднай супольнасці і кіраўнікоў дзяржаў, адказных за рашэнне міграцыйнага пытання, з пажаданнем знаходзіць “мудрую раўнавагу паміж прынцыпамі салідарнасці і субсідыярнасці”, разважліва размяркоўваць “сродкі і адказнасць”.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 ліпеня 2018, 12:59