Папа ў хваробе – духоўны арыенцір для католікаў Кітая
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Вернікі Кітая, як і католікі ва ўсім свеце, з непакоем сочаць за здароўем Святога Айца. Паводле агенцтва “Fides”, сведчанне Францішка становіцца крыніцай суцяшэння для мясцовых вернікаў у іх велікапосных разважаннях аб пакутах, старасці і хваробе.
Як паведамляюць xinde.org і старонкі кітайскіх дыяцэзій, малітва за Папу інтэгравана ў юбілейныя курсы фармацыі, засяроджаныя на надзеі. У дыяцэзіі Сучжоў святары праводзяць духоўныя медытацыі, дзе стан здароўя Папы стаў тэмай рэфлексіі аб клопаце аб пажылых.
У парафіі Хангкоу (Шанхай) пробашч ксёндз Ню Сучын падкрэсліў: "Глыбокая вера дапамагае нам прыняць старасць, цярпенне і хваробу з хрысціянскім поглядам". Ён прывёў прыклады святога Яна Паўла ІІ і Францішка ў перажыванні пакут. Парафіяльная супольнасць распрацоўвае ініцыятывы для падтрымкі пажылых як сведак веры.
У кітайскім санктуарыі Маці Божай з Шэшань таксама моляцца за Святога Айца. Кардынал Стывен Чау Сау-ян, Біскуп Ганконга, разам з біскупам Джозэфам Шэнь Бінам спецыяльна наведалі санктуарый, каб маліцца за Папу.
Францішак часта ўзгадваў гэты санктуарый, адзначаючы, што ў маі "шмат кітайскіх братоў і сясцёр пілігрымуюць туды, каб даверыць свае малітвы Маці Езуса".