Арцыбіскуп Брольё: молімся, каб ЗША спрыяла міру ва Украіне
Ян Глінскі
Старшыня Канферэнцыі Біскупаў ЗША заклікаў да справядлівага міру ва Украіне і шанавання правоў католікаў на ўкраінскіх тэрыторыях, акупаваных Расіяй.
Іерарх, які таксама з’яўляецца вайсковым ардынарыем ЗША, заклікаў да еднасці з Папам Францішкам у яго салідарнасці са “змучаным народам Украіны”. “Кожная папярэдняя акупацыя Украіны прыводзіла да рознай ступені рэпрэсій супраць Каталіцкага Касцёла ў гэтай краіне. Мы не можам дапусціць, каб нашы браты і сёстры зноў апынуліся ў падполлі”, - напісаў арцыбіскуп Брольё.
Старшыня амерыканскага епіскапату заахвоціў католікаў ЗША да малітвы аб “справядлівым міры ва Украіне” і складання ахвяраванняў: “Ахвяруючы ў гэтым намеры, католікі ў Злучаных Штатах могуць быць упэўнены, што іх дапамога прынясе непасрэдную карысць іх братам і сёстрам ва Украіне, якія змагаюцца, а таксама ў больш чым дваццаці іншых краінах рэгіёна”.
Беспрэцэдэнтнае разважанне амерыканскага арцыбіскупа з’явілася пасля кантраверсійнай сустрэчы Уладзіміра Зяленскага з Дональдам Трампам і Джэймсам Дзі Вэнсам, якая адбылася ў Белым Доме 28 лютага 2025 года.