Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope
Новы касцёл пасвяцілі ў Драгічыне. 22 лютага 2025 года адбылося ўрачыстае пасвячэнне парафіяльнага касцёла Маці Божай Каралевы, што стала знакавай падзеяй для Пінскай дыяцэзіі, якая адзначае стагоддзе з даты заснавання. Паводле біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі, старадаўняя святыня ў Драгічыне была разбурана, а адбудаваная – страчана ў часы атэізма і вайны. Цяпер удалося ўзвесці новы парафіяльны касцёл, які стаў ужо трэцяй святыняй у Пінскай дыяцэзіі, якія былі пасвечаны ў апошні час.
Сакрамэнт канфірмацыі ўдзяліў у Мінску арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 16 лютага 2025 года ў архікатэдральным касцёле адбылася святая Імша, падчас якой быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі звыш 30 падрыхтаваным кандыдатам. Узначаліў святую Імшу і ўдзяліў сакрамэнт арцыбіскуп эмэрыт, які ў гаміліі падкрэсліў, што "канфірмацыя – гэта не канец, а новы пачатак у Духу Святым, пачатак больш глыбокіх адносін з Богам і заклік да служэння іншым". Ён дадаў, што Езуса "недастаткова проста любіць ці прытрымлівацца Яго вучэння – мы павінны любіць Яго як сябры, а не як слугі, і ў гэтым таксама дапамагаюць дары Духа Святога".
Семінарысты атрымалі веды па абароне правоў чалавека і сацыяльнаму служэнню. 14-15 лютага 2025 года студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўзялі ўдзел у адпаведных занятках. З лекцыямі выступілі прадстаўнікі таварыства Caritas Гродзенскай дыяцэзіі. Семінар уключаў некалькі сустрэч для розных курсаў, канферэнцыі, працу ў групах, дыскусіі. Абмяркоўвалася тэма канфліктаў і іх вырашэння.
Памяць святара-паэта Казіміра Сваяка ўшанавалі на Астравеччыне. У бібліятэцы вёскі Падольцы 19 лютага 2025 года прайшла імпрэза, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння ксяндза Канстанціна Стаповіча, вядомага пад псеўданімам Казімір Сваяк. У вечарыне ўдзельнічалі мясцовыя школьнікі, якіх бібліятэкар пазнаёміла з біяграфіяй святара-паэта, распавяла, што ў Клюшчанскай акрузе намаганнямі святара было адкрыта сем школ, курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў, народныя бібліятэкі. Дзеці чыталі вершы паэта.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.