ҽ

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Калядныя сустрэчы, спатканне кансэкраваных асобаў, біблійны конкурс – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Pope. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope

Кансэкраваныя асобы сабраліся ў Гудагаі. 1 лютага 2025 года, напярэдадні свята Ахвяравання Пана і Дня кансэкраванага жыцця, айцы кармэліты босыя і сёстры кармэліткі Дзіцятка Езуса запрасілі ўсіх ахвотных кансэкраваных асобаў на адмысловую сустрэчу ў санктуарый Маці Божай Шкаплернай. У праграме – час на асабістую малітву, святая Імша, абед, рэкрэацыя.

Сустрэча ўдзельніц руху Маці ў малітве прайшла ў Мінску з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. 25 студзеня 2025 года ў парафіі Божага Цела аплаткавая сустрэча ўдзельніц руху сабрала каля сямі дзясяткаў матуль з розных парафій архідыяцэзіі, а таксама з Баранавічаў у Пінскай дыяцэзіі. У святой Імшы разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім удзельнічаў адказны за душпастырства руху айцец Юрый Кулай. Яны маліліся ў інтэнцыі ўсіх удзельніц папулярнага малітоўнага руху і іх дзяцей, а таксама аб тым, каб да яго далучалася яшчэ больш жанчын па ўсёй Беларусі.

Біскуп Віцебскі наведаў калядны канцэрт для састарэлых. 25 студзеня 2025 года свята ў Віцебскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў арганізаваў дыяцэзіяльны Caritas з дапамогай каталіцкіх парафій горада. Біскуп Алег Буткевіч павіншаваў прысутных з мінулымі святамі і заахвоціў шукаць сэнс у выпрабаваннях і не губляць надзею на тое, што "ёсць Хтосьці ў гэтым свеце, Хто вас любіць". Пасля бласлаўлення адбылася сцэнка. Ардынарый падзякаваў кіраўніцтву дома-інтэрната за гасціннасць, артыстам і Caritas – за арганізацыю свята.

Біскуп Гродзенскі здзейсніў душпастырскі калядны візіт у семінарыю. 24 студзеня 2025 года біскуп Уладзімір Гуляй наведаў з "калядой" Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Уся супольнасць сабралася ў капліцы навучальнай установы, каб разам даручыць Богу новы год і прасіць Яго шчодрых ласкаў на гэты час. Біскуп назваў капліцу сэрцам семінарыі – дома, у якім студэнты ўзрастаюць у сваім пакліканні да святарства і набіраюцца неабходных для служэння сіл. У межах візіту іерарх благаславіў памяшканні будынка семінарыі, у тым ліку аўдыторыі, пакоі студэнтаў і выкладчыкаў.

Адкрыта рэгістрацыя на конкурс на веданне Святога Пісання. Катэхетычны аддзел Віцебскай дыяцэзіі запрасіў да ўдзелу ў VIІ Дыяцэзіяльным конкурсе ўсіх жадаючых з каталіцкіх парафій усіх дыяцэзій Беларусі. Тэма біблійнага конкурсу – "Ад Апошняй Вячэры да Унебаўшэсця Пана". Адметнасцю конкурсу з’яўляецца тое, што ўпершыню змогуць прыняць удзел не толькі дзеці школьнага ўзросту, але і дарослыя: бацькі і апекуны дзяцей. Заяўкі прымаюцца да 7 сакавіка 2025 года.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

01 лютага 2025, 08:58