Касцёл у Іспаніі правёў Тыдзень сужэнства
Ян Глінскі
Як адзначаецца на сайце епіскапату, Падкамісія па справах сям’і і абароны жыцця ініцыявала гэты Тыдзень з мэтай указаць на “веліч і годнасць хрысціянскага сужэнства, падкрэсліваючы яго асноўныя каштоўнасці: любоў, адданасць, пастаянства і адкрытасць на жыццё”. У духу заахвочвання Папы Францішка, структура засяроджваецца на творчым падыходзе, а не на “пастырстве скаргаў”.
Іберыйскі епіскапат прапанаваў ініцыятывы для моладзі і сужэнстваў у крызісе, якія імкнуцца будаваць трывалыя адносіны. Акрамя гэтага, ініцыятыва паклікана дапамагчы знайсці адказы на хвалюючую рэчаіснасць змяншэння колькасці шлюбаў і павелічэння колькасці разводаў.
Тыдзень сужэнства арыентаваны ў першую чаргу на маладых людзей ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў, якія жадаюць пабудаваць стабільныя адносіны, а таксама на людзей ва ўзросце ад 45 да 55 гадоў, якія, магчыма, перажываюць крызіс у сужэнстве і шукаюць інструменты для ўмацавання адносін.
У гэтым годзе епіскапат звяртае таксама ўвагу на запушчаны ў 2022 годзе дадатак для смартфонаў Couples, дзе можна знайсці дапаможнікі для хатніх рэкалекцый, рэкамендацыі фільмаў, малітвы, парады для ўмацавання адносін, а таксама насычаны каляндар дыяцэзіяльных падзей.