Кардынал Сьюпіч падзякаваў Папу за падтрымку ў абароне мігрантаў
Марыя Валодзіна - Pope
У інтэрв'ю Ватыканскім СМІ кардынал Блэйз Сьюпіч пракаментаваў пасланне Францішка да біскупаў ЗША па пытанні масавых дэпартацый мігрантаў. Ён выказаў Святому Айцу падзяку за падтрымку намаганняў па абароне правоў і годнасці мігрантаў. Асабліва яго ўразіў заклік Папы да католікаў удасканальваць сваё сумленне.
У лісце гаворыцца, што Папа “ўважліва сачыў за сур'ёзным крызісам, які адбываецца ў Злучаных Штатах у сувязі з пачаткам праграмы масавых дэпартацый”. Падкрэсліваецца, што хрысціянская любоў патрабуе прызнання годнасці ўсіх людзей, незалежна ад іх прававога статусу.
"Я глыбока цаню прароцкае сведчанне Папы Францішка. Святы Айцец выразна вызначыў абарону годнасці мігрантаў як самую надзённую задачу для біскупаў і Касцёла ЗША", - сказаў у інтэрв'ю кардынал Сьюпіч.
"Я ўдзячны яму за падтрымку біскупаў, якія крытыкавалі масавыя дэпартацыі і крыміналізацыю мігрантаў, а таксама за тое, што ён заклікаў усіх біскупаў дзейнічаць разам і абараняць чалавечую годнасць мігрантаў у нашай краіне", - сказаў амерыканскі іерарх.
"Асабліва сур'ёзна я ўспрыняў просьбу дапамагчы католікам правільна выхаваць сваё сумленне, каб кожны з нас, як веруючы грамадзянін, мог крытычна ацэньваць сітуацыю і выказваць нязгоду з палітыкай, якая будуецца на моцы і скажэнні праўды, а не на прынцыпе роўнай годнасці кожнай чалавечай істоты", - адзначыў кардынал Сьюпіч.
Уступіўшы на пасаду прэзідэнта ЗША 20 студзеня 2025 года, Дональд Трамп абвясціў аб серыі ўказаў, накіраваных на барацьбу з нелегальнай міграцыяў. Ён прыняў больш за 21 рашэнне па пераглядзе некаторых аспектаў міграцыйнай сістэмы, у тым ліку працэдуры афармлення і дэпартацыі мігрантаў.
У сваім лісце ад 10 лютага 2025 года Папа Францішак прызнае складаныя рэаліі, звязаныя з міграцыйнай палітыкай ЗША, але нагадвае біскупам, што крытэрыям справядлівага грамадства з'яўляецца тое, як яно адносіцца да сваіх найбольш уразлівых членаў. "Легітымнае рэгуляванне міграцыі ніколі не павінна парушаць годнасць асобы", - піша Святы Айцец.