ҽ

Прарэктар Бэтлеемскага ўніверсітэта, брат Джэк Каран FSC Прарэктар Бэтлеемскага ўніверсітэта, брат Джэк Каран FSC 

Бэтлеемскі ўніверсітэт: новыя абмежаванні ўскладняюць жыццё студэнтаў

Прарэктар Бэтлеемскага каталіцкага ўніверсітэта распавёў пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца палесцінцы ў сувязі з новымі мерамі бяспекі, уведзенымі на Заходнім беразе ракі Іардан.

Марыя Валодзіна - Pope

Бэтлеемскі ўніверсітэт, заснаваны ў 1973 годзе, з'яўляецца адзіным каталіцкім універсітэтам Палесціны. Сёння ў ім навучаецца каля 3 тысяч студэнтаў.

Пра тое, як змянілася сітуацыя на Заходнім беразе ракі Іардан пасля часовага перамір'я паміж Ізраілем і ХАМАС, распавёў прарэктар па развіцці, брат Джэк Каран. Па яго словах, спыненне агню прынесла пачуццё палёгкі, аднак новыя абмежаванні, уведзеныя ў рэгіёне, надзвычай ускладнілі жыццё палесцінцаў. У дзень уступлення ў сілу пагаднення аб спыненні агню вакол Бэтлеема было ўстаноўлена 90 дадатковых блокпастоў.

Самай значнай перашкодай на шляху да міру з'яўляецца адсутнасць міжнароднага прызнання Палесціны як дзяржавы, лічыць прарэктар. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на міжнароднае прызнанне Палесціны ААН, Ватыканам і некаторымі іншымі суб’ектамі міжнароднага права, многія краіны да гэтага часу не прызналі права палесцінскага народа на незалежнасць і годнасць. Гэта непрызнанне працягвае падсілкоўваць нестабільнасць нават пасля спынення агню

Для Бэтлеемскага ўніверсітэта акупацыя выяўляецца ў штодзённых цяжкасцях для студэнтаў, асабліва для тых 40%, якія прыязджаюць на заняткі з Усходняга Іерусаліма. Узмацненне абмежаванняў на перамяшчэнне прывяло да таго, што студэнты часта сутыкаюцца з непрадказальнымі затрымкамі, часам спецыяльна прымеркаванымі да іспытаў. "Гэта зневажальная практыка наўпрост уплывае на іх здольнасць вучыцца і развівацца”, - асудзіў прарэктар.

Брат Каран заклікаў працягваць маліцца за народ Святой Зямлі. "Мы верым у сілу малітвы. Яна мае значэнне, і мы глыбока ўдзячныя за салідарнасць тым, хто падтрымлівае нас у веры і надзеі", - сказаў ён.

19 лютага 2025, 11:53