Епіскапат Беларусі заклікае маліцца за здароўе Папы
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выступіў са спецыяльным зваротам да вернікаў у сувязі з хваробай Святога Айца. У сваім пасланні, апублікаваным 17 лютага 2025 года на сайце , іерарх падкрэслівае важнасць малітоўнай падтрымкі Пантыфіка.
"Ад імя Канферэнцыі біскупаў і ўсіх вернікаў перадаем Папу Францішку самыя цёплыя пажаданні Божай апекі і хуткага вяртання да здароўя, а таксама далейшага плённага служэння для дабра паўсюднага Касцёла і ўсяго чалавецтва", - адзначае арцыбіскуп Станеўскі ў сваім звароце.
Старшыня епіскапату нагадвае пра нядаўні Сусветны дзень хворага і заклікае да няспыннай малітвы, спасылаючыся на словы святога Паўла: "Няспынна маліцеся" (1 Тэс 5, 17).
"Няхай Маці Божая, Аздараўленне хворых, атуляе Папу сваёю апекай і дапамагае яму з даверам глядзець у будучыню", - падкрэслівае біскуп у сваім пасланні, заахвочваючы ўсіх святароў, духавенства і вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама ўсіх людзей добрай волі далучыцца да малітваў за Папу Францішка.