Касцёл у Манака выступае супраць легалізацыі абортаў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Іерарх выказаў сваю пазіцыю ў інтэрв'ю газеце Nice-Matin, падкрэсліваючы, што Касцёл не можа заставацца ў баку ад дыскусіі пра легалізацыю абортаў у княстве. Ён нагадаў, што ў 2019 годзе, калі былі адмененыя крымінальныя санкцыі ў дачыненні да жанчын, якія вырашылі перапыніць цяжарнасць, дзяржава абяцала павялічыць дапамогу будучым маці.
"Калі б гэтыя абяцанні былі выкананыя, праблема абортаў не павінна была б зноў з'явіцца на парадку дня", - адзначыў арцыбіскуп Давід. Іерарх падкрэсліў, што аборт ніколі не з'яўляецца нейтральным актам: "Аборт заўсёды звязаны з адзінотай, пакутамі і сумненнямі".
Арцыбіскуп таксама нагадаў, што пераважная большасць жыхароў Манака не жадае змяняць адмысловы статус княства, афіцыйнай рэлігіяй якога з'яўляецца каталіцызм. Ён папярэдзіў, што легалізацыя абортаў можа прывесці да дэстабілізацыі краіны і паставіць у вельмі складанае становішча князя Альбера II, які з'яўляецца адначасова манархам і хрысціянінам. "Пазіцыя Касцёла ў пытанні абортаў нязменная", - падкрэсліў іерарх, дадаючы, што такая пазіцыя не з'яўляецца вынікам дагматызму, а вынікае з павагі да годнасці чалавека і таго, што навука кажа пра чалавечае жыццё.
Варта адзначыць, што ў 2009 годзе Княства Манака дэкрыміналізавала аборты ў выпадках згвалтавання, уроджаных дэфектаў плода і пагрозы здароўю маці. У 2019 годзе былі адмененыя крымінальныя санкцыі для жанчын. На пачатку гэтага года ў парламенце было абвешчана пра дыскусію і галасаванне па пытанні легалізацыі абортаў.