ҽ

Кардынал Крыстаф Шонбарн Кардынал Крыстаф Шонбарн  (Erzdiözese Wien/ Stephan Schönlaub)

Вена развітваецца з арцыбіскупам пасля 30 гадоў служэння

18 студзеня 2025 года ў венскім саборы святога Стэфана адбудзецца развітальная Імша кардынала Крыстафа Шонбарна, пасля амаль яго 30-гадовага служэння, у якой возьмуць удзел больш за 4 тысячы чалавек, уключаючы кіраўніцтва дзяржавы.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Паводле інфармацыі Венскай архідыяцэзіі, набажэнствы пройдуць адначасова ў трох храмах: архікатэдры, езуіцкім і дамініканскім касцёлах. Літургія пачнецца з экуменічнага ўспаміну хросту каля шклянога баптыстэрыя ў цэнтры сабора. Разам з венскім арцыбіскупам сваё хроснае абяцанне абновяць прадстаўнікі 16 хрысціянскіх канфесій Аўстрыі.

"На працягу трох дзесяцігоддзяў я імкнуўся будаваць Касцёл, у якім духавенства і свецкія вернікі праз хрост супольна і на роўных пакліканы да перадачы веры і абнаўлення свету", - адзначыў кардынал Шонбарн у сваім апошнім пастырскім звароце.

Сярод удзельнікаў урачыстасці будуць прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен, які выступіць з прамовай, канцлер Аляксандр Шаленберг, мэр Вены Міхаэль Людвіг і іншыя афіцыйныя асобы. Касцельную супольнасць прадставяць усе дзеючыя біскупы Аўстрыі, а таксама госці з замежжа, уключаючы кардынала Ладзіслава Нэмета з Белграда.

Асаблівым момантам імшы стане Евангелляр з надпісам "ubicumque et semper" (паўсюль і заўсёды). Гэтая кніга, створаная ў пачатку 2000-х гадоў, утрымлівае тысячы подпісаў вернікаў, якія абавязаліся быць вучнямі Хрыста. Апошнія старонкі кнігі запоўнены развітальным пасланнем архідыяцэзіі да свайго архіпастыра.

У музычным афармленні Імшы возьмуць удзел 110 спевакоў з чатырох хароў, дзіцячы і моладзевы хор. У набажэнстве будуць удзельнічаць 130 міністрантаў з 42 парафій архідыяцэзіі.

У канцы Эўхарыстыі адбудзецца ўзаемнае благаслаўленне: спачатку кардынал Шонбарн апошні раз як пастыр благаславіць сваю дыяцэзію, а затым адзінаццаць прадстаўнікоў архідыяцэзіі ад імя ўсёй супольнасці благаславяць яго.

Праз строгія меры бяспекі доступ у сабор будзе магчымы толькі для зарэгістраваных удзельнікаў. Імшу будзе трансліраваць дзяржаўны тэлеканал ORF 2. Эфір пачнецца спецыяльнай праграмай ў 13.20 з аналізам 30-гадовага служэння кардынала Шонбарна на пасадзе арцыбіскупа Венскага.
 

17 студзеня 2025, 10:56