Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope
Калядная канферэнцыя па ініцыятыве архідыяцэзіі прайшла ў Мінску. 9 студзеня 2025 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася канферэнцыя У імя міру і дабрабыту, арганізаваная Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй пры падтрымцы Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Акрамя каталіцкага епіскапату, святароў і прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў на форуме прысутнічала праваслаўнае духавенства, прадстаўнікі іншых рэлігійных канфесій. Пасля выступаў і дакладаў адбылося ўручэнне юбілейных медалёў і падзяк за ўклад ва ўмацаванне адносін паміж Касцёлам і дзяржавай, а таксама ўнёсак у аднаўленне і рэстаўрацыю каталіцкіх святынь.
У Будславе адбылася сустрэча ў межах падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла ў Беларусі Божай міласэрнасці. 4 студзеня 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшла ўжо чацвёртая такая сустрэча і першая ў Юбілейным годзе. За арганізацыю былі адказныя духавенства і вернікі Вілейскага і Маладзечанскага дэканату. Асаблівай інтэнцыяй сабраных у Нацыянальным санктуарыі ў першую суботу студзеня была малітва за ўсіх хрысціянаў.
Валанцёры наведалі крызісны цэнтр для бежанцаў у Віцебску. 7 студзеня 2025 года валанцёры Caritas Віцебскай дыяцэзіі наведалі крызісны цэнтр Чырвонага крыжа і павіншавалі яго жыхароў са святам Божага Нараджэння. Разам з бежанцамі валанцёры спявалі калядныя песні, гулялі, маліліся, а за святочным сталом дзяліліся цяжкасцямі і спадзяваннямі.
За спачылага айца Клода Рабінэ маліліся ў Мінску. 8 студзеня 2025 года ў катэдральным касцёле адбылася святая Імша аб вечным супакоі для спачылага святара, былога кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Узначаліў цэлебрацыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Рэкалекцыі, прысвечаныя распазнанню паклікання, прайшлі ў гродзенскай семінарыі. 3-5 студзеня 2025 года на духоўных практыкаваннях сабраліся юнакі з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі і з іншых месцаў – у цэлым больш за 30 чалавек. Удзельнікі перажывалі малітву, слухалі канферэнцыі, разважалі над Божым Словам, мелі магчымасць задаць пытанні святару і семінарыстам.
Калядныя сустрэчы жаночага і мужчынскага рухаў прайшлі ў Віцебску і Гродне. 4 студзеня 2025 года ў віцебскім катэдральным касцёле з удзелам ардынарыя біскупа Алега Буткевіча адбылося спатканне суполак Маці ў малітве, на якім прысутнічалі жанчыны з Шуміліна, Талачына, Оршы, Полацка і ўсіх віцебскіх парафій. А ў Гродне на аплаткавай сустрэчы сабраліся ўдзельнікі супольнасці Мужчыны святога Юзафа.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.