ҽ

Палесцінцы вяртаюцца дадому пасля спынення агню паміж Ізраілем і ХАМАС Палесцінцы вяртаюцца дадому пасля спынення агню паміж Ізраілем і ХАМАС  (ANSA)

Пробашч парафіі ў Газе: мы працягнем служыць бедным і хворым

Айцец Габрыэль Раманэлі заклікаў міжнародную супольнасць узяцца за рэканструкцыю. “Мы будзем старацца дапамагаць кожнаму чалавеку, незалежна ад таго, належыць ён да нашага касцёла ці мясцовасці”, - сказаў ён.

Марыя Валодзіна - Pope

Пачынаючы з 27 студзеня 2025 года жыхары Газы пачалі, з дазволу Ізраіля, вяртацца дадому. Айцец Габрыэль Раманэлі, пробашч касцёла Святой Сям’і ў Газе, лічыць, што гэта станоўчы сігнал, аднак аднаго вяртання людзей недастаткова. Патрабуецца міжнародная воля да адраджэння рэгіёна.

І хоць дазвол на вяртанне людзей з’яўляецца “добрым знакам”, пакуль што з боку тых, хто падтрымліваў вайну, не назіраецца жадання дапамагаць у рэканструкцыі, - падкрэсліў айцец Раманэлі.

Да вайны ў Газе пражывала больш за мільён чалавек, у выніку канфлікту іх колькасць скарацілася да 400 тысяч. Паводле апошніх ацэнак ААН, больш за 300 тысяч ужо вярнуліся. Гэта значыць, што патрэбы людзей толькі ўзрастаюць – асабліва ў чыстай пітной вадзе, ежы і леках.

Каталіцкі Касцёл у Газе аказвае не толькі духоўную падтрымку, але і матэрыяльную дапамогу ўсім жыхарам, незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці. У Газе жывуць як хрысціяне, так і мусульмане. Апошнія складаюць большасць насельніцтва.

Айцец Раманэлі распавёў, што Касцёл ужо дапамог 17 тысячам сем’яў – гэта больш за 100 тысяч чалавек – у тым ліку праз падтрымку сістэмы аховы здароўя з боку Caritas, Лацінскага патрыярхату і Мальтыйскага ордэна.

“Мы працягнем служыць бедным і хворым. Мы будзем рабіць гэта нават ва ўмовах адсутнасці лекаў для лячэння хранічных захворванняў. Мы працягнем рабіць гэта нягледзячы на змяншэнне колькасці хрысціян у Газе (да вайны іх было 1017 чалавек, цяпер засталося каля 700). І хоць нас мала, мы імкнемся быць святлом надзеі і дапамагаць кожнаму чалавеку незалежна ад яго рэлігійнай або нацыянальнай прыналежнасці”, - распавёў пробашч.

30 студзеня 2025, 13:10