Біскупы Святой Зямлі назвалі перадумовы трывалага міру
Ян Глінскі
Іерархі з радасцю ўспрынялі навіну аб спыненні агню ў сектары Газа, якое мае на мэце спыненне баявых дзеянняў на тэрыторыі сектара, а таксама вяртанне ізраільскіх заложнікаў і вызваленне палесцінскіх вязняў.
У заяве біскупы Святой Зямлі звяртаюць увагу на неабходнасць сур’ёзнага вырашэння глыбокіх праблем, якія ляжалі ў аснове гэтага канфлікту. “Сапраўдны і трывалы мір можа быць дасягнуты толькі праз справядлівае рашэнне, якое ліквідуе асноўныя прычыны гэтага працяглага супрацьстаяння”, – падкрэсліваюць аўтары дакумента, указваючы пры гэтым на неабходнасць “узаемнага прызнання пакутаў іншага боку”, а таксама “адукацыі, арыентаванай на давер, што вядзе да пераадолення страху перад іншым бокам”.
Як вынікае з дакумента, каталіцкія біскупы працягваюць глядзець у будучыню з непахіснай надзеяй: “Няхай спыненне агню натхніць на новыя намаганні на карысць дыялогу, узаемаразумення і трывалага міру для ўсіх. На пачатку Юбілейнага года, прысвечанага надзеі, якая не падводзіць, мы адчытваем у гэтай падзеі знак, што нагадвае нам пра вернасць Бога”.
Адначасова іерархі заклікаюць палітычных лідараў і міжнародную супольнасць выпрацаваць яснае і справядлівае палітычнае бачанне пасляваеннага перыяду. Будучыня, заснаваная на годнасці, бяспецы і свабодзе для ўсіх народаў, з’яўляецца перадумовай сапраўднага і трывалага міру. “Мы заклікаем усе бакі ажыццявіць ужо ўзгодненыя неадкладныя крокі і добрасумленна весці перамовы аб будучых этапах пагаднення”, – напісалі ў заяве каталіцкія біскупы Святой Зямлі.