ҽ

Дональд Трамп на перадвыбарчым мерапрыемстве ў Палм-Біч Дональд Трамп на перадвыбарчым мерапрыемстве ў Палм-Біч  (2024 Getty Images)

Старшыня епіскапату ЗША: молімся аб еднасці і за ўсіх абраных лідараў

Біскупы ЗША моляцца аб еднасці і радуюцца здольнасці краіны мірна пераходзіць ад аднаго ўрада да наступнага, сказаў у інтэрв’ю Pope арцыбіскуп Цімаці Броліа. Ён падкрэсліў жаданне біскупаў адстойваць годнасць кожнага чалавека, асабліва найбольш уразлівых, ненароджаных, бедных і мігрантаў.

Марыя Валодзіна - Pope

На наступны дзень пасля выбараў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША запэўніў у малітоўнай падтрымцы прэзідэнта Дональда Трампа і ўсіх прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла, абраных прадстаўляць амерыканскі народ на нацыянальным, рэгіянальным або мясцовым узроўнях. Ён падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл не звязаны з палітычнымі партыямі, але біскупы ЗША выступаюць за супрацоўніцтва з абранымі прадстаўнікамі для дасягнення агульнага дабра.

Іерарх адзначыў, што біскупы ЗША будуць імкнуцца адстойваць правы ўсіх людзей, у тым ліку ненароджаных, асабліва на фоне галасавання жыхароў 10 штатаў па канстытуцыйных папраўках, якія рэгулююць доступ да абортаў.

“Нам пашанцавала, што ў Злучаных Штатах мы жывем ва ўмовах дэмакратыі, учора амерыканцы прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, каб вырашыць, хто ўзначаліць нашу краіну ў якасці наступнага прэзідэнта ЗША. Я віншую прэзідэнта Трампа, а таксама прадстаўнікоў улады, якія будуць прадстаўляць народ на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях. Цяпер мы пераходзім ад выбарнай кампаніі да кіравання”, - заўважыў старшыня епіскапату ЗША.

“Нас радуе наша здольнасць мірна пераходзіць ад аднаго ўрада да наступнага. Каталіцкі Касцёл, як і Канферэнцыя Біскупаў, не падтрымлівае ніводную палітычную партыю. Незалежна ад таго, хто займае Белы дом або валодае большасцю галасоў на Капіталійскім пагорку, вучэнне Касцёла застаецца нязменным”, - нагадаў іерарх.

“Мы, біскупы, выступаем за супрацоўніцтва з абранымі прадстаўнікамі народа для дасягнення ўсеагульнага дабра. Як хрысціяне і амерыканцы, мы абавязаны ставіцца адзін да аднаго з міласэрнасцю, павагай і цывілізаванасцю, нават калі маем розныя погляды на пытанні дзяржаўнай палітыкі. Як нацыя, надзеленая шматлікімі дарамі, мы таксама павінны клапаціцца пра тых, хто знаходзіцца за нашымі межамі, і імкнуцца дапамагаць усім,” – падкрэсліў арцыбіскуп Броліа.

“Давайце памолімся за абранага прэзідэнта Трампа, а таксама за ўсіх грамадскіх лідараў, каб яны змаглі ўзрасці да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў, служачы нашай краіне і тым, каго яны прадстаўляюць. Давайце папросім заступніцтва нашай благаслаўлёнай Маці, заступніцы нашай краіны, каб яна накіравала нас на абарону агульнага дабра для ўсіх і ўмацаванне годнасці кожнага чалавека, асабліва самых уразлівых з нас, у тым ліку ненароджаных, бедных, іншаземцаў, пажылых і хворых, мігрантаў”, - заклікаў амерыканскі іерарх.

Прыярытэты на чатырохгадовы перыяд

Арцыбіскуп Броліа вылучыў некалькі прыярытэтаў, на якіх Канферэнцыя Біскупаў будзе засяроджваць увагу ў бліжэйшыя чатыры гады. Галоўнай тэмай з'яўляецца годнасць чалавечай асобы. Біскупы ЗША падтрымліваюць прынцып, што “чалавек створаны паводле вобраза і падабенства Бога ад мацярынскага ўлоння да магілы”.

Наступным прыярытэтам, улічваючы багацце Злучаных Штатаў, з’яўляецца неабходнасць накіраваць рэсурсы на падтрымку бедных, тых, хто знаходзіцца на задворках грамадства. “Сумна бачыць, як у некаторых буйных гарадах расце колькасць людзей, якія засталіся без прытулку”, - адзначыў іерарх.

“Акрамя таго, мы, біскупы, дзесяцігоддзямі выступалі за рэформу міграцыйнага заканадаўства ў краіне. Спадзяюся, што цяпер сапраўды настаў час выправіць недасканаласці сістэмы, каб яна лепш адпавядала патрэбам людзей”, - лічыць старшыня епіскапату ЗША.

Арцыбіскуп Броліа нагадаў таксама пра абавязак “дапамагаць краінам, з якіх мігруюць людзі, таму што часта яны мігруюць з-за беднасці і іншых складаных сітуацый у сваіх родных краінах. Верагодна, найбольш прадуктыўным спосабам змяніць сітуацыю было б дапамагчы гэтым краінам палепшыць іх уласны лёс”, - лічыць іерарх.

Абарона права на жыццё

Асобнае месца сярод прыярытэтаў біскупаў ЗША займае абарона ненароджаных. Агульнанацыянальная тэндэнцыя па легалізацыі абортаў уяўляе сабой выклік. Выбаршчыкі ў трох штатах – Паўднёвай Дакоце, Фларыдзе і Небрасцы – падтрымалі абмежаванне на аборты, у той час як сем штатаў прынялі законы, якія лібералізуюць аборты.

Арцыбіскуп Броліа адзначыў, што каталіцкія біскупы ЗША ўсімі магчымымі спосабамі выступаюць “за абмежаванне гэтай пагрозы чалавечаму жыццю”. “Відавочна, што самы важны спосаб – гэта паспрабаваць пераканаць людзей у праве ненароджаных дзяцей на жыццё”. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў будзе працягваць падтрымліваць годнасць чалавечай асобы, запэўніў ён.

“Калі мы бачым гвалт у нашым грамадстве, я не думаю, што яно не звязана з тым фактам, што людзі думаюць, што яны могуць вырашаць, каму жыць, а каму памерці. Думаю, гэта таксама прыніжае годнасць чалавечай асобы. Таму мы нясем адказнасць за асвету людзей і за тое, каб паспрабаваць пераканаць іх убачыць святло Евангелля”, - завяршыў інтэрв’ю старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША.

07 лістапада 2024, 11:43