ҽ

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Ружанцовы кангрэс, новы пастыр Гродзеншчыны, навуковая канферэнцыя – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Pope. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope

Ружанцовы кангрэс праходзіць у Магілёве. 5 кастрычніка 2024 года ў мясцовай катэдры па ініцыятыве айцоў дамініканаў на штогадовую сустрэчу сабраліся вернікі, якія моляцца на ружанцы, дзеля паглыблення духоўнай і інтэлектуальнай фармацыі. Сёлетняя тэма кангрэсу – Марыя і Ружанец у францішканскай духоўнасці, таму з дакладамі выступаюць прадстаўнікі трох адгалінаванняў францішканскага ордэна, якія нясуць служэнне ў Беларусі. Удзельнікі таксама дзякуюць Богу за 30 гадоў дзейнасці руху Легіён Марыі.

У Гродзенскай курыі афіцыйна абвясцілі аб змене пастыра дыяцэзіі. 30 верасня 2024 года ў прысутнасці іерархаў прачыталі адпаведнае паведамленне Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, у якім гаворыцца, што Святы Айцец Францішак прыняў адмову біскупа Аляксандра Кашкевіча ад пасады дыяцэзіяльнага біскупа ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, і што яго наступнікам стаў біскуп Уладзімір Гуляй. Біскуп эмэрыт падзякаваў усім за супрацоўніцтва ў яго больш чым 33-гадовым служэнні ў Касцёле на Гродзеншчыне і павіншаваў новага пастыра дыяцэзіі.

У Івянцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ўзначаліў адпуст. 29 верасня 2024 года падчас урачыстасці святога арханёла Міхала адноўлены алтар з ягонай выявай благаславіў арцыбіскуп эмэрыт і ў гаміліі заахвоціў вернікаў усвядоміць сваю слабасць і схільнасць да граху, каб па прыкладзе і праз заступнітцва анёлаў супрацьстаяць спакусам і імкнуцца да больш блізкіх і шчырых адносін з Богам.

У Гродне прайшла навуковая канферэнцыя на тэму новай евангелізацыі. У цэнтры ўвагі сустрэчы, якая адбылася 28 верасня 2024 года ў Вышэйшай духоўнай семінарыі, былі новая евангелізацыя ў кантэксце сінадальнасці і роля свецкіх людзей у Касцёле. У межах мерапрыемства выступілі з дакладамі духоўныя і свецкія асобы. Падчас святой Імшы Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі падкрэсліў, што словы Хрыста: "Вы соль зямлі" адрасаваны не толькі апосталам, але і ўсім людзям. Іерарх назваў здабыццё ведаў дапамогай у тым, "каб соль не згубіла свой смак".

У Браславе сястра эўхарыстка дала вечныя манаскія абяцанні. 1 кастрычніка 2024 года сястра Кацярына Папакуль у прысутнасці біскупа Віцебскага Алега Буткевіча і настаяцельніцы Беларуска-Літоўскай дэлегатуры супольнасці эўхарыстак сястры Алены Панцялей дала на ўсё жыццё абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на значэнне манаскіх абяцанняў: "Праз шлюбы чалавек даручае сваё жыццё ў Божыя рукі і такім чынам выказвае сваё жаданне пайсці за Езусам шляхам выпрабавання, шляхам вырачэння, але разам з тым шляхам умацавання свайго духа".

Звыш 100 святароў сабралося на пахаванні спачылага пробашча парафіі ў Белагрудзе. У развітанні з ксяндзом Рышардам Пэрчакам 27 верасня 2024 года таксама ўдзельнічалі іерархі і парафіяне з Белагруды і Дзітвы, у якой дзякуючы старанням ксяндза Рышарда быў пабудаваны касцёл. Удзельнікі пахавальнай цырымоніі маліліся аб тым, каб Бог прыняў у Нябеснае Валадарства свайго слугу, які рупліва здзяйсняў святарскую працу на Лідчыне.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

05 кастрычніка 2024, 08:44