ҽ

Кардынал-абраннік Тарчызіа Ісаа Кікучы Кардынал-абраннік Тарчызіа Ісаа Кікучы 

Японскі кардынал: настаў час Азіі ў Касцёле

Касцёл у Азіі сёння мае шмат пакліканняў, расце і паглыбляе духоўнасць. Цяпер наш абавязак – унесці ўклад у Паўсюдны Касцёл, лічыць кардынал-абраннік Тарчызіа Ісаа Кікучы.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Арцыбіскуп Токіа з'яўляецца адным з двух місіянераў-вербістаў, чыю кардынальскую намінацыю абвясціў Папа Францішак у нядзелю 6 кастрычніка 2024 года. У гутарцы з ватыканскімі СМІ старшыня Caritas Internationalis падзяліўся сваім досведам і ўяўленнямі пра будучыню Касцёла.

Успамінаючы ўласны досвед веры, Кікучы падкрэсліў, што з дзяцінства меў кантакт з замежнымі місіянерамі і пазнаваў Касцёл як міжнародную супольнасць. Ён нарадзіўся ў сям'і катэхета на поўначы Японіі і жыў пры парафіі. "Я жыў з пробашчам, які быў швейцарскім місіянерам. Гэта ён мяне выхаваў. Навучыў мяне, як маліцца і як быць міністрантам," - успамінае іерарх.

Успамінаючы досвед місійнай працы ў Гане, якую пачаў адразу пасля атрымання святарскага пасвячэння ў 1986 годзе, арцыбіскуп Токіа падкрэсліў незвычайную бадзёрасць духу жыхароў Афрыкі, якая не адпавядала цяжкасцям, з якімі яны сутыкаліся ў штодзённым жыцці. "Яны казалі, што шчаслівыя, бо ведаюць: калі ўзнікаюць цяжкасці, хтосьці прыходзіць табе на дапамогу. Што цябе ніколі не пакінуць. Ніколі не забудуць," - успамінае ён.

Будучы кардынал звярнуў увагу на змяшчэнне акцэнтаў у мысленні пра Паўсюдны Касцёл, цэнтрам якога ўжо не з'яўляецца заходні свет, а мясцовыя Касцёлы Паўднёвага паўшар'я, да якіх адносіцца і Касцёл у азіяцкіх краінах. "Паколькі Касцёл у Азіі нараджае зараз шмат пакліканняў, ён расце, а духоўнасць паглыбляецца. Таму цяпер наш абавязак – унесці ўклад у Паўсюдны Касцёл. Цяпер час Азіі, каб унесці свой уклад у місію Касцёла," - перакананы ён.

Кікучы падкрэсліў, што міграцыя з'яўляецца адным з найбольшых выклікаў сучаснага свету і адначасова "неабходнасцю" для падтрымкі старэючых грамадстваў, у якіх нараджаецца ўсё менш дзяцей. Як дадае, гэта праблема, з якой сутыкаюцца таксама краіны Азіі, у тым ліку Японія і Паўднёвая Карэя, дзе інтэграцыя мігрантаў у мясцовае грамадства таксама з'яўляецца вялікім выклікам.

"Заўсёды існуе нейкая вострая думка супраць мігрантаў. Але без мігрантаў мы не можам выжыць. Таму гэта супярэчнасць," - кажа ён, падкрэсліваючы ключавую ролю, якую ў гэтым пытанні можа адыграць Каталіцкі Касцёл, паколькі многія мігранты – хрысціяне.

"У сённяшнія часы, калі ўвойдзеш у парафію ў Японіі, убачыш шмат мігрантаў, шмат мігруючых католікаў. Таму інтэграцыя гэтых мігрантаў з грамадствам з'яўляецца галоўным пытаннем, якім мы павінны заняцца," - перакананы арцыбіскуп Токіа.
 

14 кастрычніка 2024, 09:55