Касцёл рыхтуецца да фінальнай сесіі Сінода Біскупаў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Тэма сходу – Да Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія. Ён завяршае трохгадовы (2021-2024) сінадальны працэс, ініцыяваны Папам Францішкам.
Сінадальнасць – гэта спосаб быць Касцёлам у трэцім тысячагоддзі
Сінадальны працэс засяроджаны на тэалагічнай канцэпцыі сінадальнасці, якая падкрэслівае асаблівае пакліканне ўсіх ахрышчаных да актыўнага ўдзелу ў місіі Езуса Хрыста, даверанай Яго Касцёлу. Упершыню Сінод ахопліваў тры фазы: лакальную, кантынентальную і сусветную, растягнутыя ў часе.
Мэта працэсу – "даць магчымасць Касцёлу лепш сведчыць пра Евангелле, асабліва сярод тых, хто жыве на духоўных, сацыяльных, эканамічных, палітычных, геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферыях нашага свету". Сінадальнасць разглядаецца як шлях, дзякуючы якому Касцёл можа больш плённа выконваць сваю евангелізацыйную місію ў свеце.
Сінадальнасць – гэта больш, чым проста правядзенне касцёльных сустрэч і сходаў біскупаў
Важна адзначыць, што сінадальнасць – гэта не проста пытанне звычайнага ўнутранага адміністравання ў Касцёле. Яна паказвае на спецыфічны спосаб жыцця і дзейнасці Касцёла, у якім пераплятаюцца тры галоўныя восі: камунія, удзел і місія.
Працэс Сінода праходзіў у некалькі этапаў. Пасля дыяцэзіяльнай і кантынентальнай фаз, у кастрычніку 2023 года адбылася першая сесія XVI Звычайнай асамблеі Сінода Біскупаў. Цяпер, у кастрычніку 2024 года, пройдзе другая, заключная сесія.
Канчатковае распазнанне плёнаў Сінода зробіць Пантыфік
Рабочы дакумент, апублікаваны 9 ліпеня 2024 года, прапануе чатыры асноўныя рэформы для разгляду:
1. Пашырэнне ўдзелу жанчын у жыцці Касцёла
2. Развіццё касцёльных паслуг свецкіх асоб
3. Змена спосабу прыняцця рашэнняў у Касцёле
4. Усталяванне празрыстасці рашэнняў, якія прымае касцёльная іерархія
У другой сесіі возьме ўдзел 368 асоб з правам голасу, 272 з іх – гэта біскупы. Касцёл у Беларусі будзе прадстаўляць біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Пасля заканчэння Сінода Біскупаў, канчатковае распазнанне яго плёнаў зробіць Пантыфік. Ад яго залежыць, якія тэмы абмеркаванняў увойдуць у магчымую паслясінадальную апостальскую адгартацыю – пастырскае заахвочванне, накіраванае да ўсяго Касцёла.
Гэты Сінод можа стаць паваротным момантам у жыцці Касцёла, адкрываючы новыя шляхі для больш актыўнага ўдзелу ўсіх вернікаў у яго місіі і кіраванні.