Місіянеры Папуа-Новай Гвінеі сведчаць аб евангельскіх каштоўнасцях
Марыя Валодзіна - Pope
Місіянеры і каталіцкая супольнасць Папуа-Новай Гвінеі рыхтуюцца да гістарычнай падзеі, праводзячы малітоўныя сустрэчы і духоўныя рэкалекцыі. Яны спадзяюцца, што візіт Святога Айца, запланаваны на 6-9 верасня 2024 года, надасць іх Касцёлу новую энергію і паспрыяе большай падтрымцы з боку мясцовых уладаў. Чакаецца, што прысутнасць Пантыфіка ўселіць у жыхароў краіны, асабліва ў маладое пакаленне, якое ніколі не наведвала Святы Пасад, пачуццё прыналежнасці і аптымізму.
"Мы ганарымся, мы сапраўды шчаслівыя. Ён надае нам энергіі, упэўненасці ў тым, што пра нас не забыліся", - сказаў айцец Сільвестр Варвакай, правінцыял ордэна місіянераў Найсвяцейшага Сэрца Езуса, маючы на ўвазе апостальскае падарожжа Францішка.
Цэнтральная роля ў распаўсюджванні Евангелля і рэалізацыі праектаў у сферы адукацыі і аховы здароўя ў Папуа-Новай Гвінеі належыць менавіта місіянерам-сэрцанам, якія дзейнічаюць у сямі дыяцэзіях, кіруюць школамі і медыцынскімі ўстановамі ў аддаленых раёнах. Айцец Варвакай падкрэсліў важнасць гэтай дзейнасці для ўмацавання каталіцкай веры і задавальнення патрэбаў мясцовых супольнасцяў, якія атрымліваюць мінімальную падтрымку дзяржавы.
Нягледзячы на намаганні, місіянеры сутыкаюцца са значнымі цяжкасцямі з-за адсутнасці ці непаслядоўнасці дзяржаўных субсідый. Гэта прывяло да закрыцця некаторых школ і скарачэння медыцынскіх паслуг, у выніку чаго місіянеры вымушаны надаваць прыярытэтную ўвагу толькі самым сур'ёзным, небяспечным для жыцця, выпадкам.
Айцец Варвакай выказаў занепакоенасць тым, што адсутнасць падтрымкі становіцца ўсё больш распаўсюджанай з'явай, закранаючы як гарадскія, так і сельскія раёны. Каб кампенсаваць недахоп дзяржаўнай падтрымкі, місіянеры Найсвяцейшага Сэрца Езуса служаць "не толькі католікам, але і насельніцтву ў цэлым". Правінцыял пацвердзіў, што Касцёл працягвае заставацца "сведкам евангельскіх каштоўнасцяў" у сектары аховы здароўя, нягледзячы на "ўсе беды і выклікі", з якімі сутыкаецца краіна. Ён выказаў падзяку за дапамогу, якую яны атрымліваюць ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Папуа-Новай Гвінеі і Саламонавых астравоў, розных рэлігійных кангрэгацый краіны, а таксама з-за мяжы, у першую чаргу, з Аўстраліі і Еўропы. "Мы імправізуем з тым, што маем, нават калі гэтага недастаткова", - падзяліўся ён.