ҽ

Марш за мір ў Гоме (Дэмакратычная Рэспубліка Конга) Марш за мір ў Гоме (Дэмакратычная Рэспубліка Конга)  (ANSA)

Біскупы ДРК: выконваць пагадненне аб спыненні агню

Канферэнцыя Біскупаў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга заклікала бакі выконваць пагадненне аб спыненні агню, падпісанае 30 ліпеня 2024 года ў Луандзе (Ангола).

Марыя Валодзіна - Pope

Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва Fides, пагадненне, накіраванае на ўсталяванне міру ў рэгіёне, падпісалі ўрады ДРК і Руанды. Яно ўступіла ў сілу апоўначы 4 жніўня. Аднак ужо 7 жніўня, усяго праз тры дні пасля спынення агню, паўстанцы групоўкі M23 былі заўважаныя ў правінцыі Паўночнае Ківу на мяжы з Руандай, дзе адбыліся сур'ёзныя сутыкненні. Акрамя таго, па ацэнках ААН, урад Руанды накіраваў у гэты раён амаль 4 тысячы вайскоўцаў, што пагражае тэрытарыяльнай цэласнасці ДРК і яшчэ больш падрывае крохкае перамір'е.

У звароце біскупаў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (ДРК) гаворыцца пра занепакоенасць тым, што новае пагадненне аб спыненні агню не будзе выконвацца. Яны заявілі, што "ўсе папярэднія пагадненні былі парушаныя” і гэта “не прывяло да ніякіх санкцый".

Кангалезскія біскупы рашуча асудзілі дзеянні абодвух бакоў. Яны заклікалі да правядзення інфармацыйнай кампаніі па прыцягненню ўвагі сусветнай грамадскасці да канфлікту ў гэтым рэгіёне, параўнаўшы яго па маштабу з вайной ва Украіне і сітуацыяй на Блізкім Усходзе.

Шматгадовы канфлікт у ДРК мае сур'ёзныя наступствы для мясцовага насельніцтва: агульная колькасць унутрана перамешчаных асоб перавысіла 7 мільёнаў чалавек, сотні тысяч дзяцей пазбаўленыя магчымасці жыць у сваіх дамах і атрымліваць адукацыю.

10 жніўня 2024, 11:11