Сястра Авеліна: абараніць дзяцей ад эксплуатацыі і гандлю людзьмі
Марыя Валодзіна - Pope
Сястра Эбі Авеліна, каардынатар міжнароднай сеткі Таліта, кум, якая аб'ядноўвае манахінь, святароў і свецкіх, распавяла на старонках Pope пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца дзеці - ахвяры гандлю людзьмі і эксплуатацыі. 11-гадовы Карым з Лівана працуе цесляром у небяспечных умовах. Ён зарабляе суму, эквівалентную 0,55 долара ў тыдзень, і пры гэтым падвяргаецца жорсткаму абыходжанню. Яго часта збіваюць і замыкаюць у ваннай на некалькі гадзін. Працадаўца практычна кожны дзень падвяргае яго маральнаму і фізічнаму насіллю. Гісторыя Карыма не ўнікальная, яна адлюстроўвае пакуты мільёнаў дзяцей ва ўсім свеце.
Паводле апошняй справаздачы Міжнароднай арганізацыі працы, 152 мільёны дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў з'яўляюцца ахвярамі эксплуатацыі дзіцячай працы. Па даных ААН, прыкладна кожная трэцяя ахвяра гандлю людзьмі ў свеце – дзіця. Эксплуатацыя дзяцей прымае розныя формы: прымусовая праца, раннія і прымусовыя шлюбы, прымус да злачыннасці і жабрацтва, гандаль з мэтай незаконнага ўсынаўлення, сексуальныя злоўжыванні, у тым ліку ў Інтэрнэце.
Канфлікты ва Украіне, на Блізкім Усходзе і ў іншых частках свету павышаюць рызыкі жорсткага абыходжання з дзецьмі, разлучанымі з сем’ямі. Паводле справаздачы Глабальны індэкс рабства за 2023 год, існуе тэндэнцыя гандлю дзецьмі з дзіцячых дамоў з мэтай эксплуатацыі і атрымання прыбытку. Гандляры людзьмі таксама выкарыстоўваюць Інтэрнэт у якасці платформы для гандлю дзецьмі і іх сексуальнай эксплуатацыі. У гэтым кантэксце неабходна стратэгічнае супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі для эфектыўнага прадухілення гандлю людзьмі і барацьбе з ім, - упэўнена кіраўніца Таліта, кум.
Папа Францішак заклікае грамадства адкрыць вочы і вушы, прыслухацца да пакут ахвяр гандлю людзьмі, асабліва жанчын і дзяцей, праявіць да іх спачуванне, - нагадала сястра Авеліна.
Міжнародная сетка Таліта, кум арганізуе мерапрыемствы і кампаніі па павышэнню дасведчанасці і прадухіленні гандлю людзьмі, выкарыстоўваючы розныя метады і платформы: сацыяльныя сеткі, вулічныя кампаніі, тэлебачанне, радыё. Арганізацыя дзейнічае ў многіх краінах свету. Яна займаецца асветніцкай працай сярод уразлівай моладзі, дзяўчынак і жанчын, мігрантаў і бежанцаў, а таксама людзей, якія рызыкуюць стаць ахвярамі гандлю людзьмі і эксплуатацыі. У 2023 годзе ў прафілактычных мерапрыемствах сеткі прынялі ўдзел больш за 623 700 чалавек.
“Мы марым пра свет без гандлю людзьмі”, - адзначыла сястра Авеліна, заклікаючы ўсё грамадства, урады, касцёльных лідараў і кожнага чалавека абараніць ад эксплуатацыі найбольш уразлівых, асабліва дзяцей, і падтрымаць ахвяр гандлю. “Мы ўсе пакліканы быць пасламі надзеі”, - нагадала яна.