ҽ

Падчас Імшы ў бердычаўскім санктуарыі Падчас Імшы ў бердычаўскім санктуарыі  

Кардынал Паралін у Бердычаве маліў аб цудзе доўгачаканага міру

У трэці дзень знаходжання ва Украіне кардынал П’етра Паралін наведаў санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Бердычаве. “Падзяляю ваш боль і вашу надзею, малюся за справядлівы мір”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Па просьбе Папы Францішка іерарх узначаліў 21 ліпеня 2024 года ўрачыстую Эўхарыстыю, якая стала кульмінацыяй пілігрымкі католікаў лацінскага абраду ў гэты нацыянальны марыйны санктуарый – мясцовы касцёл атрымаў тытул малой базілікі. Ён памаліўся за Украіну, аб "цудзе доўгачаканага міру", падкрэсліўшы, што "для Бога няма нічога немагчымага".

Папскі легат адзначыў, што "Касцёл ва Украіне закліканы выконваць прароцкую місію: заклікаць да няспыннай малітвы, каб Бог змяніў сэрцы тых, хто адступіў ад Яго шляхоў і стаў рабом уласнай ганарыстасці, сеючы насілле і смерць, папіраючы ў іншых годнасць дзяцей Божых".

“Сёння Украіна перажывае чорную гадзіну Галгофы. Сапраўды балюча думаць пра тое, што пакуль мы знаходзімся тут, у іншай частцы краіны ідуць баі, не спыняюцца абстрэлы”, - заўважыў кардынал Паралін.

Падчас урачыстасці Маці Божай Бердычаўскай
Падчас урачыстасці Маці Божай Бердычаўскай

 

“Нягледзячы на тое, што на гарызонце яшчэ цяжка ўбачыць пасхальнае святло міру, уваскрасенне Хрыста, якое з’яўляецца доказам перамогі жыцця, умацоўвае нашу веру і надзею і паказвае нам на тое, што за смерцю няма апошняга слова. Цуд уваскрасення Хрыста з’яўляецца найвялікшым пацвярджэннем таго, што немагчымае для людзей магчыма для Бога”, - адзначыў у гаміліі папскі пасланнік.

У другі дзень свайго візіту ва Украіну кардынал Паралін наведаў Адэсу, размешчаную на беразе Чорнага мора. Ён сустрэўся там з рыма-каталіцкай, праваслаўнай і грэка-каталіцкай супольнасцямі, наведаў порт, за які ішлі жорсткія баі.

“Праз мяне Святы Айцец заахвочвае вас быць, як сказана ў Святым Пісанні, адважнымі і цярплівымі ва ўсім. Я лічу, што гэта добрае заахвочванне – быць адважнымі ў гэтыя моманты цяжкасцей, пакут і болю, быць цярплівымі ў надзеі на тое, што гэтая сітуацыя як мага хутчэй скончыцца і ва Украіне адновіцца мір, каб кожны мог спакойна жыць на сваёй Радзіме”, - сказаў Дзяржсакратар Яго Святасці падчас сустрэчы з адэскімі грэка-католікамі.
 

21 ліпеня 2024, 11:52