ҽ

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Новы пробашч у Мінску, Музычная майстэрня, ахвяраванне біскупскага пярсцёнка – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Pope. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope

Арцыбіскуп змяніў пробашча закрытага Чырвонага касцёла ў Мінску. 26 ліпеня 2024 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прызначыў новага пробашча парафіі Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску – закрытага ўжо амаль два гады Чырвонага касцёла. Ім стаў ксёндз Франц Рудзь, які да гэтага быў пробашчам парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску. Як сцвярджаецца ў паведамленні архідыяцэзіі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, у адказ на скіраваную ад яго просьбу быў звольнены з пасады пробашча.

Музычная майстэрня сабрала ў Івянцы каля дзвюх соцень удзельнікаў. 22 ліпеня 2024 года пры францішканскім кляштары распачалася 20-я Музычная майстэрня – мерапрыемства для музыкаў, якія жадаюць праславіць Бога сваімі талентамі. Удзельнікі вывучаюць літургічны харавы спеў, таксама для іх праводзяць майстар-класы на некалькіх інструментах. Найстарэйшаму ўдзельніку сёлетняй Майстэрні 65 гадоў, і гэта рэкорд. А палова ўдзельнікаў – моладзь да 18-і гадоў.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ахвяраваў Маці Божай Гудагайскай свой біскупскі пярсцёнак. Падчас урачыстасці 20-21 ліпеня 2024 года ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі арцыбіскуп-эмерыт адзначыў 35-ю гадавіну з таго часу, як быў абвешчаны біскупам. Гэта адбылося ў 1989 годзе менавіта ў Гудагаі. Цяпер іерарх пакінуў у дар Маці Божай свой біскупскі пярсцёнак, які атрымаў з рук Папы Яна Паўла II, на знак удзячнасці за Яе дапамогу і апеку на працягу ўсяго яго служэння, асабліва ў тыя першыя вельмі складаныя гады адраджэння Касцёла ў Беларусі і ў Расіі.

Рэкалекцыі для юнакоў і міністрантаў прайшлі ў гродзенскай семінарыі. З 19 па 21 ліпеня 2024 года юнакі з розных месцаў Беларусі сабраліся на духоўныя практыкаванні, якія давалі магчымасць засяродзіць увагу на малітве. Таксама ўдзельнікі знаёміліся з беларускімі санктуарыямі – месцамі жывога культу і народнай пабожнасці, наведалі месца спачыну жыхароў Гродна і Ліпска ў Навумавіцкім лесе, дзе ўзялі ўдзел у Імшы ў гадавіну іх мучаніцкай смерці ад рук нацыстаў.

Caritas падтрымлівае вяскоўцаў у Мінскай вобласці. Шостае лета запар Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінск перадае патрабуючым куранятаў. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах сацыяльнага праекту, партнёрам якога з’яўляецца Caritas дыяцэзіі Лінца (Аўстрыя). Падчас першага ліпеньскага выезду куранят атрымалі жыхары Лагойска, Смалявічаў, Ляскоўкі, Заслаўя і Маладзечна. Усяго дапамогу ад Caritas атрымалі звыш 100 чалавек, якім перадалі болей за 1000 гадаванцаў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

27 ліпеня 2024, 09:20