ҽ

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Будслаўскі фэст, новыя прызначэнні, кніга пра легендарнага святара – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Pope. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope

У Будславе адбылося прысвячэнню Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. 5-6 ліпеня 2024 года ў Нацыянальным санктуарыі прайшлі традыцыйныя ўрачыстасці, на якія ў пешых і роварных пілігрымках прыбылі сёлета амаль 2 тысячы вернікаў. Цэлебрацыю цэнтральнай святой Імшы ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Пасля працэсіі з абразом Маці Божай Будслаўскай арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў прысвячэнне Мінска-Магілёўскай Мітраполіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

На Гродзеншчыне святары моляцца за працаўнікоў сельскай гаспадаркі. На пачатак жніва ў Гродзях малітву аб плённай працы і багатым ураджаі ўзначаліў пробашч парафіі ў Гудагаі айцец Аркадзь Куляха. А напярэдадні пробашч лаздунскай парафіі благаславіў працаўнікоў сельскай гаспадаркі на збор жніва на "зажынках" у мясцовым аграпрадпрыемстве.

Новыя пробашчы прызначаны ў Віцебску, Гродне і Ашмянах. 30 чэрвеня 2024 года парафіяне ў Друі развіталася з ксяндзом Сяргеем Сурыновічам, які паводле дэкрэта біскупа Віцебскага Алега Буткевіча прызначаны на далейшую працу пробашчам парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску. Ксёндз Ян Пузына пасля 25 гадоў служэння ў парафіі святога Арханёла Міхала ў Ашмянах стаў пробашчам парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне. А ў Ашмяны, па рашэнні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, прызначаны ксёндз Ян Варанецкі.

Выйшла кніга ўспамінаў пра ксяндза Люцыяна Хмялёўца. У мінскім выдавецтве Pro Christo пабачыла свет кніга "Пастыр паводле Божага Сэрца". Выданне прымеркавана да 110-годдзя з дня нараджэння і 20-годдзя з дня смерці гэтага незвычайнага святара, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, сябра і памочніка кардынала Казіміра Свёнтка. Падчас пераследу Касцёла ён дапамагаў многім захаваць веру і потым паказваў шлях да Бога новым пакаленням вернікаў, аднаўляў парафіі і святыні.

У Шклове біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзначаліў парафіяльную ўрачыстасць. 29 чэрвеня 2024 года адпуст адзначылі вернікі мясцовай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла. 175 гадоў таму тагачасны арцыбіскуп Магілёўскі Казімір Дмахоўскі пасвяціў шклоўскі касцёл у гонар гэтых святых. З тых часоў шклоўская святыня зведала росквіт і заняпад, павагу і глумленне, але тут змаглі захаваць веру. У гаміліі іерарх заахвоціў парафіянаў і надалей па прыкладу святых апосталаў "быць скалою веры ў штодзённым жыцці".

Старшыня епіскапату падзякаваў Апостальскаму нунцыю за служэнне ў Беларусі. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што арцыбіскуп Антэ Ёзіч "прынёс скарб багатага вопыту працы ў дыпламатычных прадстаўніцтвах і захапіў сэрцы сваёй любоўю да Беларусі і яе народа, актыўна ўдзельнічаў у жыцці мясцовага Касцёла, наведваў вялікую колькасць парафій". Беларускі іерарх запэўніў прадстаўніка Папа Францішка ў малітве перад тронам Маці Божай Будслаўскай.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

06 ліпеня 2024, 12:42