ҽ

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі  

Тыдзень у Беларусі – важнае

Дзень Папы, пілігрымкі ў Будслаў, парафіяльныя фэсты – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Pope. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope

У Мінску з удзелам Апостальскага нунцыя, іерархаў, прадстаўнікоў улады адзначылі Дзень Папы. 27 чэрвеня 2024 года на афіцыйным прыём у гонар чарговай гадавіны Пантыфікату Папы Францішка арцыбіскуп Антэ Ёзіч ад імя Святога Айца падзякаваў усім прысутным і перадаў яго сардэчнае прывітанне. "У мяне было шмат мараў, некаторыя з якіх змаглі спраўдзіцца як у Касцёле, так і ў беларускім грамадстве. Аднак многія з іх так і засталіся нерэалізаванымі. Я спадзяюся, што і іншыя мары неўзабаве змогуць быць рэалізаваныя дзеля агульнага дабра і кожнага асобнага грамадзяніна", – адзначыў нунцый і паведаміў, што сёлета завяршае сваё служэнне ў Беларусі.

Тры Імшы і сто кандыдатаў да канфірмацыі: так парафіяльны фэст адзначаюць у Іўі. 29 чэрвеня 2024 года парафія святкуе урачыстасць сваіх нябесных апекуноў – святых апосталаў Пятра і Паўла. Фэст пачаўся ранішняй святой Імшой, пасля якой запланавана эўхарыстычная працэсія. Затым – канцэрт хору з Баранавічаў, а пасля яго – Эўхарыстыя, якую ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На ёй будзе ўдзелены сакрамэнт канфірмацыі, які прымуць каля ста парафіян. Увечары адбудзецца яшчэ адна Імша.

Стартавалі пешыя пілігрымкі ў Будслаў. Першыя паломніцтвы ў Нацыянальны санктуарый выйшлі 27 чэрвеня 2024 года з Баранавічаў і Ліды. Самы доўгі шлях чакае ўдзельнікаў баранавіцкай пілігрымкі – цягам 9 дзён яны пройдуць пешшу амаль 300 кіламетраў. Штогод з розных куткоў Беларусі прыходзяць у Будслаў каля 2 тысяч паломнікаў. Сёлетнія ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай пройдуць 5-6 ліпеня.

У Віцебску правялі настаяцеля супольнасці езуітаў на новае месца служэння. 23 чэрвеня 2024 года парафія святога Уладзіслава развіталася з айцом Клеменсам Вертам, які выязджае ў Кыргызстан. Святар прыехаў у Віцебск у 2015 годзе, дапамагаў ардынарыю наладзіць працу дыяцэзіяльнай курыі, а пазней служыў эканомам дыяцэзіі. Таксама ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў супольнасці езуітаў святога Андрэя Баболі ў Віцебску. Новым настаяцелем прызначаны айцец Віктар Жук.

Рэкалекцыі для сясцёр з розных манаскіх супольнасцяў адбыліся ў Росі. 22 чэрвеня 2024 года завяршыўся першы тур рэкалекцый, у якім удзельнічалі прадстаўніцы сямі кангрэгацый, што нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Гродненскай і Пінскай дыяцэзіях. Гэта быў час духоўнага аднаўлення, арганізаваны Радай Каардынацыйнай групы. Тэма рэкалекцый тычылася адметных характарыстык кансэкраванай асобы, якія адлюстроўваюць дух Хрыста і маюць крыніцу ў Евангеллі.

У Снове з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбыліся адпуст і прысвячэнне парафіі Сэрцу Езуса. 23 чэрвеня 2024 года ганаровы іерарх узначаліў адпустовую ўрачыстасць у парафіі святога Яна Хрысціцеля. Арцыбіскуп эмэрыт заклікаў вернікаў па прыкладу гэтага святога быць голасам хрысціянства ў сучаснай пустыні духоўнага крызісу, што вядзе да безнадзейнасці. Пасля Імшы адбылося прысвячэнне парафіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

У Гомелі ўпершыню цэлебравалася Імша з сурдаперакладам. 18 чэрвеня 2024 года ў парафіі Нараджэння Божай Маці адбылася Эўхарыстыя для асобаў з парушэннем слыху. Уся Літургія і сакрамэнт споведзі, які ёй папярэднічаў, перакладаліся на жэставую мову. Некаторыя вернікі ўпершыню прынялі святую Камунію.

У крыпце навагрудскага касцёла адбыўся канцэрт класічнай музыкі. 22 чэрвеня 2024 года падчас канцэрту барочнай музыкі эпохі рэнесенса крыпта не змагла змясціць усіх жадаючых. Выканаўцам культурнага мерапрыемства быў вядомы клавесініст Дзмітрый Зубаў. Канцэрт адбыўся ў межах арганнага фестывалю Ars Magna Organi і быў прысвечаны 400-годдзю касцёла святога Арханёла Міхала.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

29 чэрвеня 2024, 11:31