Старшыня COMECE: удзел у выбарах – магчымасць палепшыць ЕС
6 чэрвеня 2024 года ў краінах Еўрапейскага Саюза распачаліся выбары дэпутатаў Еўрапарламента. Яны будуць працягвацца да 9 чэрвеня. Старшыня СOMECE заклікаў вернікаў скарыстацца сваім правам голасу.
Аляксандр Панчанка - Pope
Старшыня Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці, біскуп Марыё Крачата скіраваў спецыяльны зварот, заклікаючы ўсіх грамадзян ЕС, асабліва католікаў, прыняць удзел у галасаванні.
Іерарх заахвоціў зрабіць гэта “адказным чынам, выбіраючы кандыдатаў і партыі, якія будуюць лепшую Еўропу для ўсіх, Еўрапейскі Саюз з агульнымі і сапраўднымі каштоўнасцямі, якія прасоўваюць мір, як на нашым кантыненце, так і за яго межамі, справядлівасць, правы чалавека, дэмакратыю, салідарнасць і клопат пра наш супольны дом”.
“Еўрапейскі Саюз не дасканалы”, але “мы хочам разам палепшыць яго, карыстаючыся даступнымі нам дэмакратычнымі інструментамі, пачынаючы ад права голасу”, - падкрэсліў біскуп Крачата.
06 чэрвеня 2024, 11:32