ҽ

Благаслаўлёны Міхал Рапач Благаслаўлёны Міхал Рапач 

Францішак: ксёндз Міхал Рапач – пастыр паводле сэрца Езуса

Папа адзначыў прыклад польскага святара Міхала Рапача, мучаніка камуністычнага пераследу, беатыфікаванага 15 чэрвеня 2024 года ў санктуарыі Божай міласэрнасці ў кракаўскіх Лагеўніках.

Аляксандр Панчанка - Pope

“Учора ў Кракаве быў беатыфікаваны ксёндз Міхал Рапач, пастыр паводле сэрца Езуса, верны і шчодры сведка Евангелля, які спазнаў нацысцкі і савецкі пераслед і адказаў на яго дарам свайго жыцця”, - сказаў Пантыфік на заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 16 чэрвеня ў Ватыкане.

Ксёндз Міхал Рапач быў забіты з нянавісці да веры 12 мая 1946 года групай узброеных камуністаў ля мястэчка Плокі ў Польшчы. Яго беатыфікацыю ўзначаліў кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Урачыстая літургія супала з завяршэннем эўхарыстычнага кангрэса Кракаўскай архідыяцэзіі. У сувязі з гэтым ватыканскі іерарх звярнуў увагу на ролю Эўхарыстыі ў жыцці ксяндза Рапача.

“Пашырэнне любові да Хрыста, прысутнага ў кансэкраваным Хлебе, было для яго адзіным эфектыўным проціяддзем ад атэізму, матэрыялізму і ўсіх светапоглядаў, якія пагражаюць годнасці чалавека”, - сказаў прадстаўнік Папы, дадаючы, што менавіта з Эўхарыстыі “новы благаслаўлёны чэрпаў найвялікшую любоў, якую не паралізуюць нянавісць, гвалт і ўсё, што выклікае страх”.

Глыбокая ўкаранёнасць у міласэрнай любові дазволіла 42-гадоваму ксяндзу Міхалу Рапачу быць гатовым аддаць жыццё за авечак сваіх. “Ён пасталеў у самай высокай мудрасці: умець распазнаваць каму ахвяраваць усяго сябе”, - падкрэсліў кардынал Сэмерара, адзначаючы асаблівую каштоўнасць гэтага прыкладу для сучаснай моладзі, а таксама нагадваючы пра пакліканне кожнага чалавека да святасці.

Іерарх заўважыў, што ксёндз Рапач “у цэлебрацыі святой Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта чэрпаў унутраную сілу, здольную ператвараць жыццё і свет, паўсядзённасць і гісторыю”: як сведчаць дакументы, ён кожны вечар уваходзіў у касцёл у Плоках, клаўся у форме крыжа на падлогу перад табернакулюмам і па чарзе маліўся за ўсе сем’і і за кожнага члена сваёй парафіяльнай супольнасці.

Ксёндз Міхал Рапач уяўляе сабой запрашэнне для ўсіх святароў “верыць у моц Эўхарыстыі, адзінай, дзякуючы якой кожны з нас можа стаць, як і ён, верным і шчодрым сведкам Евангелля аж да аддання жыцця”. “Людзям, нашым супольнасцям, усяму Касцёлу патрэбна наша “так” – гатоўнасць дазволіць нашаму жыццю адпавядаць таямніцы, якую мы цэлебруем на алтары”, - падкрэсліў кардынал.

“Сённяшняя беатыфікацыя – знак суцяшэння ад Бога ў перыяд, пазначаны ранамі, нанесенымі гвалтам і войнамі, якія вядуцца ў многіх частках свету і нават недалёка адсюль”, - адзначыў прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі.
 

16 чэрвеня 2024, 12:32